Н.С. Саверчанка (Минск)
ІТАЛЬЯНСКІЯ КНІГІ ЭПОХІ РЭНЕСАНСУ НА БЕЛАРУСІ
Сярэднявечная Беларусь зазнала шматбаковы ўплыў італьянскага Адраджэння, якое паслужыла ідэалагічнай асновай развіцця мастацтваў, навукі і тэхналогій. Найбольшае ўздзеянне на культурныя працэсы ў Беларусі аказвалі кніга і мастацтва. Працы творцаў Адраджэння набываліся аматарамі жывапісу і скульптуры, а выданні антычных і рэнесансных аўтараў займалі паліцы прыватных збораў. На Беларусь кнігі прывозіліся маладымі людзьмі, якія вучыліся ў заходніх універсітэтах, а таксама заможнымі асобамі, што збіралі свае прыватныя бібліятэкі. Сёння 42 экзэмпляры з гэтых кніг захоўваюцца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (далей НББ). Італьянскі друк прадстаўлены сярод іх пяццю друкарскімі цэнтрамі – Балоння, Венецыя, Рым, Трэвіза, Фларэнцыя – з 11 друкарнямі. Такія сусветна вядомыя кнігі, як Rolewinck, Werner. Fasciculus temporum (Venezia, 1485), Dante Alighieri. La commedia (Firenze, 1481), Plutarchus. Vitae illustrium virorum (Venezia, 7 XII 1491) занялі месца на паліцах навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства НББ.
Кнігадрукаванне ў Італіі XV ст. было справай пераважна іншаземцаў нямецкага і французскага паходжання, якія займаліся перавыданнем твораў класічных аўтараў, і таму на калафонах італьянскіх друкаў НББ можна ўбачыць такія імёны, як Мікалай Енсан (Nicolaus Jensen), Эўхарый Сілбер (Eucharius Silber), Іаган Рубэус (Johannes Rubeus), Томас дэ Блавіс (Tomas de Blavis), Эрхард Ратольт (Erchardus Ratholt), Іаган фон Кёльн (Johann von Koln), а таксама Іаган Мантэн (Johann Manthen). З усіх пералічаных друкароў трэба выдзеліць найбольш значнага ў першай генерацыі італьянскіх друкароў Мікалая Енсана, кніга якога Gregorius IX, Papa. Decretales (Venezia, 1475) захоўваецца ў навукова-даследчым аддзеле кнігазнаўства бібліятэкі. У 1458 г. Карл VII накіраваў яго на вучобу да Гутэнберга, а не раней чым у 1462 г. француз М. Енсан заснаваў сваю друкарню ў Венецыі. У адрозненне ад Альда Мануцыя, знакамітага італьянскага друкара, гуманіста і вучонага, які распачаў друкарскую справу толькі ў 1480-я гг., М. Енсан быў бізнесменам і вытворцам. Тым не менш праз некаторы час знакаміты рымскі шрыфт М. Енсана, што ўвабраў дэталі Неакаралінскага пісьма, зрабіўся вельмі папулярным дзякуючы сваёй прыгажосці. Енсан вынайшаў такія літары, якія адпавядалі і “розуму і густу”. Прыгажосць выдадзеных майстрам кніг заключалася ў малюнку шрыфтоў, іх падборы і размяшчэнні набору. Пачынаючы з кніг Енсана ва ўсёй Італіі, а потым Францыі ўсталявалася традыцыя друкаваць выданні гуманітарнага зместу лацінскім (рымскім) шрыфтам. Нездарма, калі ў канцы XIX ст. былі адноўлены першыя друкарскія формы, за ўзор шрыфтоў быў ўзяты шрыфт Енсана.
Кніга з фонду НББ Rolewinck, Werner. Fasciculus temporum (Venezia, 1485) з’яўляецца ўзорам самастойнай працы яшчэ аднаго з прыезжых друкароў Італіі – Эрхарда Ратольта, ураджэнца Аўгсбурга, сына аўгсбургскага сталяра і рэзчыка драўлянай скульптуры. Паміж 1471 і 1475 гг. ён працаваў у Нюрнбергу ў друкарні, заснаванай нямецкім матэматыкам Іаганам Мюлерам, больш вядомым як Рэгіёмантан. З 1475 г. Ратольт распачаў сваю справу ў Венецыі, а ў 1476 г. ён увёў у італьянскую кнігу арнаментаваную рамку, ініцыялы і першы поўнасцю аформлены тытульны ліст з назвай і годам выдання, імем аўтара і друкара. Паводле якасці выканання яго дэкаратыўнае майстэрства значна апярэджвала час. Ратольт клапаціўся аб прыгажосці і зручнасці шрыфтоў, таму спрасціў гатычную фрактуру і наблізіў яе да класічных формаў італьянскай антыквы. У кнізе змешчаны 2 гравіраваныя ініцыялы і 65 дрэварытаў у тэксце. Венецыянскія выданні Звязкі часоў каштоўныя тым, што ўтрымліваюць выявы Венецыі, якія не паўтараюцца ні ў якіх іншых выданнях гэтага твора.
Паводле зместу Звязка часоў – універсальная храналогія, якая карысталася вельмі вялікай папулярнасцю, прыцярпела шмат выданняў, а ў 1514 г. была дапоўнена Лінторыюсам і перавыдадзена. Асаблівую цікавасць уяўляюць змешчаныя на 64-м аркушы звесткі аб вынаходніцтве кнігадрукавання (Artifices mira celeritate subtiliores solito sunt. Et impressores librorum multiplicand in terra = Найбольш дакладнае і цудоўнае рамяство, якое хутка памножыла колькасць друкаваных кніг у свеце). Калі ўлічыць, што друкарская справа з’явілася ў Італіі ў 1465 г., а ў Венецыі ў 1469 г., такое сцвярджэнне можна прызнаць адметным прадбачаннем і даволі дакладным назіраннем. У свеце захавалася трыццаць тры выданні гэтага твора, які прызначаўся пераважна клірыкам, аб чым сведчыць лацінская мова большасці экзэмпляраў і невялікая колькасць ілюстрацый.
Найбольш цікавым з італьянскіх першадрукаў у зборах Беларусі з’яўляецца выданне вялікага паэта Італіі Дантэ Аліг’еры La commedia, што выйшла ў свет у Фларэнцыі, горадзе, які без энтузіязму пераходзіў да друкаванай кнігі. Заможныя людзі Фларэнцыі маглі дазволіць сабе перапісаныя каліграфічным почыркам, прафесійна і раскошна арнаментаваныя кодэксы на пергамене. Толькі навучэнцы з аптымізмам успрынялі вынаходніцтва немцаў, паколькі яно дазваляла хутка атрымаць недарагую і неабходную для вучобы кнігу. Трэба адзначыць, што канец XV ст. быў вельмі цікавым перыядам суіснавання і аднолькавай папулярнасці рукапісных і друкаваных кніг. Рукапісная кніга служыла зместавым матэрыялам для друкароў, а арыгінальныя друкаваныя тэксты перапісваліся ад рукі і захаваліся да нашых дзён часам толькі ў рукапісным варыянце. Вельмі часта рукапісы служылі асновай для форзацных аркушаў аправы друкаў. Гэта можа сведчыць аб тым, што гэтыя рукапісы не былі дзеля нейкіх прычын запатрабаваны чытачом. Але друкаваная кніга паступова адваёўвае культурную прастору: растуць наклады друкаваных выданняў, пашыраецца рынак збыту новай літаратуры, з’яўляюцца новыя імёны аўтараў.
Прадстаўлены ў калекцыі НББ экзэмпляр Камедыі – адзін з 150 тысяч выданняў твораў, напісаных не на лацінскай мове ў XV ст. Да таго ж, Камедыя – першая кніга, надрукаваная Міколам дэ Ларэнца ў родным горадзе паэта, і адно з самых ранніх выданняў з гравюрамі на метале, якія так і не сталі папулярнымі да сярэдзіны XVI ст. Першым выданнем з медзярытамі лічыцца кніга Bettinus. Monte Sancto di Dio (Florence, 1477) гэтага ж друкара. Гравюры ў выданні Камедыі выкананы Мазо Фінічэры, майстрам школы Бача Балдыні, паводле малюнкаў знакамітага мастака С. Батычэлі. Згаданае выданне – адзін з ранніх прыкладаў прымянення ў кнізе медзярыту і першая спроба размясціць ілюстрацыю ў тэксце, а не на асобным аркушы, што значна ўскладняла друк. Таму ў большасці экзэмпляраў гравюры не друкаваліся, а проста ўклейваліся на пустыя месцы ў раздзелах. Лічыцца, што Батычэлі зрабіў ілюстрацыі толькі да першых двух раздзелаў кнігі. У экзэмпляры НББ засталіся сляды ад клею і прэса на аркушах [225] з раздзела Purgatorio, а таксама [331] з раздзела Paradiso, што дае нам падставы выказаць меркаванне аб магчымай наяўнасці гравюр на гэтых месцах да рэстаўрацыі кнігі.
У калекцыі НББ сярод найбольш значных італьянскіх інкунабулаў можна выдзеліць выданне Плутарха Vitae illustrum virorum (Venezia, 1491). Гэта праца займае галоўнае месца ў яго творчасці. Тут змешчаны жыццяпіс знакамітых людзей Грэцыі і Рыма. Пры гэтым Плутарх дае паралельную характарыстыку грэчаскіх і рымскіх дзеячаў, падобных становішчам ці характарамі, ацэньвае перш за ўсё маральны бок іх жыцця. Ён тут больш мараліст, чым гісторык. І, калі да біяграфічных фактаў можна паставіцца насцярожана, дык нельга не ацаніць ужытыя аўтарам фрагменты твораў, што не захаваліся да нашых дзён.
Твор выдатнага гісторыка Варфаламея Платыны знаходзіцца ў зборы італьянскіх першадрукаў. Аўтар належаў да акадэміі Пампонія Лэта, якая займалася пошукамі старажытных помнікаў і тэкстаў. Людзей, што ўваходзілі ў яе склад, абвесцілі бязбожнікамі і пасадзілі ў турму. Пасля вызвалення Платына працаваў бібліятэкарам ў Ватыкане і напісаў шмат твораў. Сярод іх – знакамітая Vitae pontificum ( [Treviso], 10 II 1485), першае выданне якой мела назву In vitas summorum pontificum ad Sixtum IV (Venice, 1479). Твор быў дапоўнены Ануфрыем Панвіньё і перакладзены на шматлікія мовы. Напісаны ён элегантным і энэргічным стылем і ўтрымлівае вялікую колькасць кур’ёзных дэталей з жыцця рымскіх пап XIV–XV стст.
Адной з каштоўных кніг у калекцыі НББ з’яўляецца праца вядомага грэчаскага вучонага Арыстоцеля, творчая спадчына якога ўключае філасофію, логіку, этыку, псіхалогію, рыторыку, паэтыку і прыродазнаўчыя навукі, De animalibus (Venezia, 1476). Гэта адзін з тых шчаслівых твораў, якія чыталіся на працягу стагоддзяў. Не толькі агульныя ідэі, але і сам тэкст, напісаны ў 330-я гг. да н.э., захоўваў сваё значэнне, актыўна выкарыстоўваўся нават у XVIII ст. Прычына неўміручасці твора ў выключнай здольнасці Арыстоцеля пазнаваць прыродныя з’явы і жыццё з розных бакоў, у непаўторнасці структуры, якая дазваляе кожнаму знайсці свой узровень: ад філасофскага да татэмна-міфалагічнага. Гэта праца ўяўляе сабой не толькі адметны збор антычных гуманітарных і прыродазнаўчых навуковых ведаў, але і спадчыну перыяду данавуковых ведаў, калі толькі пачыналі з’яўляцца асноўныя паняцці біялогіі: жыццё, форма, орган, тканка.
У зборы Нацыянальнай бібліятэкі захоўваюцца вельмі цікавыя кніжныя помнікі гуманістычнага Адраджэння, сярод якіх творы Марка Тулія Цыцэрона, рымскага аратара і дзяржаўнага дзеяча, тэарэтыка рыторыкі, класіка лацінскай мастацкай і філасофскай прозы. Ён папулярна выклаў рымлянам грэчаскую філасофію і прывіў агульную цікавасць да яе. Цыцэрон не толькі стварыў лацінскую філасофскую тэрміналогію, якой Еўропа дасюль карыстаецца, але і ажыццявіў мэтанакіраваны сінтэз ідэй грэчаскай філасофіі на аснове так званага здаровага сэнсу рымлян. Кніга з яго трактатамі была выдадзена ў Венецыі ў 1488 г.: Cicero, Marcus Tullius. De oratore etc. (Венецыя, 1488). Тут змешчаны працы, якія адлюстроўваюць багаты вопыт антычнай рыторыкі і асабісты практычны досвед аўтара, што дае падставы лічыць кнігу вартай увагі не толькі кнігазнаўцаў, але таксама гісторыкаў, літаратуразнаўцаў і моваведаў. Трактаты Аб красамоўстве, Аб аратары, Брут, Аратар сведчаць аб тым, што асноўную ўвагу ён аддае канкрэтнай асобе – ідэалу антычнасці, чалавеку-грамадзяніну, чалавеку слова і справы, у якім ёсць як філасофская глыбіня ведаў, так і практычны навык дзеяння. Такі вобраз застаўся на стагоддзі ўвасабленнем антычнага гуманізму. Марк Тулій Цыцэрон – найбольш папулярны аўтар як у еўрапейскага, так і беларускага чытача XV–XVI стст., якога хвалявала развіццё дзяржавы, сацыяльныя паводзіны ўладных асоб і звычайных грамадзян. Асаблівай папулярнасцю карысталіся творы Цыцэрона Аб абавязках, Аб дзяржаве, Аб законах. Праца прыцягвала ўвагу этычнай пазіцыяй аўтара, якая праяўлялася ў развязанні філасофскай праблемы супярэчнасці маральна прыгожага і карыснага. У Цыцэрона перамагае першая. У адносінах жанру – інстытуцыі (institutions = павучанні) – твор не вельмі характэрны для філосафа. У працы можна знайсці маральныя прадпісанні, палітычныя раздзелы, гістарычныя прыклады. Абапіраючыся на ўласны жыццёвы вопыт, Цыцэрон малюе партрэт ідэальнага грамадзяніна. Тут ён выступае як мараліст і філосаф. Па яго меркаванні, існуюць чатыры крыніцы ці “часткі”, якія з’яўляюцца дабрадзейнасцямі этыкі: пазнанне ісціны; двуадзіная дабрадзейнасць – справядлівасць і дабрачыннасць; веліч духу; добрапрыстойнасць і памяркоўнасць.
Многія італьянскія выданні ўтрымліваюць даволі аб’ёмныя гласарыі, аўтары якіх – вядомыя вучоныя гуманісты: Акурсій Фларэнтыйскі (Accursius Florentinus), Бернард Парменсій (Bernardus Parmensis), Хрыстафор Ландына (Christophorus Landinus), Амнібон Леаніцэн (Omnibonus Leonicenus). Сярод гэтых славутых асоб асабліва вылучаецца імя фларэнтыйца Хрыстафора Ландына – італьянскага філолага, юрысконсульта і літаратара, які, дзякуючы пратэкцыі Космы Медычы, вывучыў філасофію і паэтыку. Пазней ён з’яўляўся адным з самых уплывовых членаў Акадэміі, выкладаў літаратуру ў фларэнтыйскім універсітэце, унёс вялікі ўклад у адраджэнне італьянскай літаратуры. Хрыстафор Ландына дасягнуў значных поспехаў у творчасці і яшчэ пры жыцці здабыў шырокую вядомасць. Яго каментарый да Камедыі Дантэ, напісанай і выдадзенай на італьянскай мове, лічыцца выдатным узорам літаратуразнаўчай працы.
Аналіз найбольш адметных узораў друкарскага майстэрства і інтэлектуальнай спадчыны Італіі, што захаваліся ў фондах НББ, дазваляе адзначыць:
1. Італьянскае кнігадрукаванне, распачатае пераважна замежнымі друкарамі, атрымала непаўторныя нацыянальныя рысы, якія былі пазней замацаваны ў выданнях Альда Мануцыя, і паслужыла ўзорам для выдавецкіх дамоў у Еўропе;
2. Літаратура, што выдавалася ў эпоху Рэнесансу ў Італіі, мела выключнае культурнае і адукацыйнае значэнне, несла ідэі гуманізму і духоўнасці, утрымлівала шмат карыснай і запатрабаванай інфармацыі;
3. Кнігі італьянскіх друкароў карысталіся вялікім попытам у бібліяфілаў, а найбольш – у адукаваных грамадзян не толькі ў самой Італіі, але і далёка па-за яе межамі.
Бібліяграфія
1. Варбанец, Н.В. Йохан Гуттенберг и начало книгопечатания в Европе: опыт нового прочтения материала / Н.В. Варбанец. – Москва, 1980. – С. 302.
2. Владимиров, Л.И. Всеобщая история книги / Л.И. Владимиров. – Москва, 1988. – С. 311.
3. Горфункель, А.Х. Похвала типографскому искусству: гуманисты о книгопечатании / А.Х. Горфункель // Книга: исследования и материалы. – Москва, 1994. – Сб. 67. – С. 79–93.
4. Кацпржак, Е.И. История книги / Е.И. Кацпржак. – Москва, 1964. – С. 422.
5. Немировский, Е.Л. Мир книги / Е.Л. Немировский. – Москва, 1986. – С. 287.
6. Функе, Ф. Книговедение / Ф. Функе. – Москва, 1982. – С. 296.
7. Chappel, W. A short history of the printed world / W. Chappel. – New York, 1970. – P. 244.
8. Davies, M. Aldus Manutius printer and publisher of Renaissance Venice / M. Davies. – London, 1995. – P. 164.
9. Incunabula and their readers: printing, selling and using books in the fifteenth century. – London, 2003. – P. 291.
10. The Italian Book 1465–1800. – London, 1993. – P. 401.
11. Levarie, N. The art and history of books / N. Levarie. – New York, 1968. – P. 315.
12. Printing the Written Word: the Social History of Books, circa 1450–1520. – Itaca; London, 1991. – P. 332.
© Саверченко Н.С., 2007