А.М. Сцебурака (Минск)
"Гэта сапраўдная гістарычная рэдкасць" (Лёс прыжыццёвага выдання ўспамінаў сяржанта Бургоня з бібліятэкі Каладзеева)
Vous étes bien heureux de posseder le tirage à part de l'Echo.
C'est une véritable curiosité historique.
Je n'en connais toujoures que deux exemplaires, outr le vôtre.1
І
Сярод шматлікіх рарытэтных выданняў, што знайшлі сабе прытулак на паліцах аддзела рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, ёсць шэраг кніг, якія цярпліва чакаюць увагі з боку даследчыка і не спяшаюцца раскрываць свае таямніцы. Не сакрэт, што ў гэтым зборы існуе унікальная калекцыя кніг, выданняў і рукапісных матэрыялаў, прысвечаных Напалеонаўскай эпосе. Гісторыя іх стварэння і шлях, які ім выпала прайсці, робяць выданні непаўторнымі і толькі ўздымаюць іх каштоўнасць.
Твор, аб якім пойдзе гаворка, добра вядомы ўсім, хто займаецца ваеннай гісторыяй ХІХ ст. Мемуары сяржанта імператарскай гвардыі Бургоня вытрымалі выпрабаванне часам і занялі пачэснае месца сярод успамінаў іншых удзельнікаў тых падзей [8, s. 20]. Яны перакладзены на шэраг моў і рэгулярна перавыдаюцца. Але адно выданне мемуараў Бургоня яшчэ ў канцы ХІХ ст. стала сапраўднай рэдкасцю. Гэта кніга ўспамінаў пад назвай "Мемуары аб Рускай кампаніі", выдадзеная ў 1856 г. у маленькім горадзе Валенсьен на поўначы Францыі на мяжы з Бельгіяй [7, р. 9]. Абмежаваны наклад твору тлумачыўся тым, што ён быў выдадзены мясцовай газетай "L'Echo de la Frontiere", якая і сама хутка стала рэдкасцю.2 Першапачаткова мемуары друкаваліся на старонках гэтай газеты, а ў 1856 г. было здзейснена выданне асобнай кнігай ўрыўка з твору.
Яе аўтарам з'яўляўся Адрыен-Жан-Батыст Франсуа Бургонь (1786–1867), афіцэр у адстаўцы, кавалер ордэна Легіёна Пашаны, былы грэнадзёр-вяліт імператарскай гвардыі. Нарадзіўся ён у сям'і гандляра палатном у Кандэ-на-Шэльдзе. У 1806 г. пачаў вайсковую кар'еру. Удзельнічаў у ваенных кампаніях у Польшчы, Аўстрыі, Гішпаніі, Партугаліі і, нарэшце, у Расіі. 12 кастрычніка 1813 г. падчас бою пры Дрэссау Бургонь трапіў у палон. Пасля вяртання Бурбонаў на прастол, ён падаў у адстаўку, але ў 1830 г. пасля вядомых палітычных падзей вырашыў вярнуцца на ваенную службу. У 1831 г. яго заслугі перад Францыяй былі адзначаны ордэнам Легіёна Пашаны, а ў наступным годзе ён заняў пасаду плац-каменданта ў Валенсьене. У адстаўку Бургонь выйшаў толькі ў 1853 г., пасля чаго пражыў яшчэ чатырнаццаць гадоў. Над мемуарамі ён пачаў працаваць падчас палону ў Прусіі. Заметкі, якія ён паспеў зрабіць непасрэдна пасля ўдзелу ў ваенных падзеях, а таксама лісты, што ён пісаў да маці і сяброў з няволі, пазней ляглі ў аснову ўспамінаў, якія былі канчаткова падрыхтаваны і апублікаваны значна пазней [7, р. 9]. Мемуары апынулія настолькі ўдалымі і адметнымі, што назаўжды занялі месца сярод лепшых гістарычных помнікаў той эпохі.
Другое жыццё ўспамінаў пачалося ў канцы ХІХ ст. Шырокаму колу чытачоў твор стаў вядомы дзякуючы двюм асобам: Полю Катэну і Марысу Гэнольту. Першы з'яўляўся дырэктарам "Новага рэтраспектыўнага часопіса" ў Парыжы, а другі – архівістам муніцыпальнага архіва ў Валенсьене. Менавіта яны падрыхтавалі і выдалі ўспаміны ў другі раз.3
У 1891 г. арыгінал рукапісу ўспамінаў быў перададзены дачкой аўтара ў бібліятэку Валенсьена. Ён складаўся з шасцісот старонак in-folio, гэта дзесяць рукапісных сшыткаў, з якіх сем напісаны рукой аўтара. У хуткім часе Марыс Гэнольт паведаміў аб цікавым рукапісе ў рэдакцыю "Новага рэтраспектыўнага часопіса" (Nouvelle revue retrospective), дзе было прынята рашэнне аб яго выданні.
У часопісе за 1896 – 1897 гады мы знаходзім іх пад назвай “Руская кампанія (1812 – 1813). Успаміны Жана-Франсуа Бургоня, сяржанта грэнадзёра-вяліта Гвардыі.” Прычым у часопісе не паведамлялася аб ранейшай публікацыі ўспамінаў газетай “Эха памежжа”, а толькі канстатавалася, што “рукапіс мемуараў … нам быў дасланы Марысам Гэнольтам” [4, р. 2]. Уводзіны былі таксама напісаны архівістам з Валенсьена, дарэчы, яны ў трохі змененым выглядзе будуць папярэднічаць большасці выданняў успамінаў, у тым ліку і на рускай мове [9,10]. Публікацыя была аздоблена двюма ілюстрацыямі: партрэтам сяржанта і шаржам на яго 1852 г. мастака Альфонса Шыгота.
ІІ
Які ж экзэмпляр знаходзіцца ў Беларусі? З прадмовы да мемуараў, што выйшлі ў 1898 г. асобнай кнігай, мы ведаем аб існаванні толькі двух экзэмпляраў. Першы знаходзіўся ў Нацыянальнай бібліятэцы Францыі, другі – у прыватнай калекцыі барона Olivier de Watteville [6, р. 15]. Хто ж валодаў нашым экзэмплярам?
Выданне мае адзнакі таго, што ў розны час яно знаходзілася ў руках даволі вядомых асоб: у дырэктара часопіса “Nouvelle revue retrospective” П. Катэна і калекцыянера І.Х. Каладзеева. Кнігу робіць унікальнай уклеены ў яе ліст, які быў напісаны Катэнам уладару тома.4 Але ён ставіць больш пытанняў, чым дае адказаў. Па змесце мы можам меркаваць, што гэта адказ на папярэдні ліст. Катэн звяртаецца да яго словамі “мой дарагі калега/аднадумец”, і, на жаль, не згадвае яго імя. Не ведаем мы і дзе жыў уладальнік. Верагодна не ў Парыжы, бо Катэн збіраўся з’ездзіць да яго, калі ў яго з’явіцца вольны час. Верагодна ў Валенсьен? Са зместа ліста мы можам зразумець, што яны не былі раней знаёмымі: “Ваша імя мне між іншым зусім не невядома, – адказвае Катэн, – мне зусім нядаўна казалі пра вас у сувязі з вашым сяржантам”. У сваю чаргу ўладальнік кнігі не ведае аб іншых перавыданнях успамінаў, але валодае пэўнай цікавай для Катэна інфармацыяй аб Бургоне і аб акалічнасцях першай публікацыі твору. Гэта дазваляе меркаваць, што гэта асоба мела пэўнае дачыненне да выдання 1856 г.: «Дзякую вам за цікавыя дэталі, якія вы мне паведамілі аб тым, як была здзейснена публікацыя мемуараў у “Эха памежжа”». З гэтага вынікае, што невядомы нам чалавек мог быць адным з тых рупліўцаў, што згадваюцца ў прадмове да выданняў мемуараў 1898, 1900 гг. Мы ўсё ж можам сцвярджаць, што наш экзэмпляр і яго ўласнік мели дачыненне да перавыдання ўспамінаў у пач. ХХ ст.
Далей лёс кнігі быў не менш цікавым. Яна ў хуткім часе змяніла гаспадара. Ім стаў вядомы ў той час аматар Напалеонаўскай эпохі, бібліяфіл, беларускі памешчык І.Х. Каладзееў. Яна, верагодна, была набыта калекцыянерам падчас адной з рэгулярных паездак па Заходняй Еўропе паміж 1898 і 1904 гадамі.
Аб кнігазборы Каладзеева вядомы ваенны гісторык Ваенскі пісаў, што “як сховішча, прысвечанае выключна адной эпосе, па сваёй паўнаце, з’яўляецца безумоўна першым зборам не толькі ў Расіі, але і ў Еўропе”. Тым больш для нас каштоўная інфармацыя аб тым, што ўспаміны Бургоня 1856 г. узгадваюцца сярод найбольш каштоўных выданняў французскай часткі калекцыі. Гэта і не дзіўна! Кніга ўжо ў канцы ХІХ ст. стала сапраўднай бібліяграфічнай рэдкасцю [1, с. 198].
Але і тут яна надоўга не затрымалася. Пасля смерці Каладзеева ў 1914 г. яго дачка перадала кнігазбор дзяржаве. Ён ўвесь практычна застаўся ў Расіі і зараз знаходзіцца ў буйнейшых бібліятэках і архівах Пецярбурга і Масквы [2, с. 23]. Але пэўная частка збору на замежных мовах трапіла ў дваццатыя гады ў Нацыянальную бібліятэку нашай Бацькаўшчыны [3, с. 5]. Сярод гэтых кніг быў і том успамінаў Бургоня.
Аб прыналежнасці кнігі да калекцыі Каладзеева сведчыць невыразны запіс алоўкам на тытульным лісце: “Кол. 4190”. Бадай адзіная пазнака, па якой можна адрозніць кнігі з калекцыі Каладзеева, бо, на жаль, бібліятэка не мела свайго экслібрыса ці штампа.
III
Як ужо згадвалася вышэй, наша кніга надзвычай рэдкая. Яе каштоўнасць павышае ўкладзены ў яе ліст Поля Катэна і яе прыналежнасць да калекцыі Каладзеева. Але гэтым не абмяжоўваецца спіс вартасцей кнігі. Для дасціпных даследчыкаў напалеаністыкі прадстаўляе інтарэс і сам змест кнігі. Як не дзіўна, ён даволі моцна адрозніваецца ад наступных рэдакцый успамінаў. Аб гэтым некалькі разоў згадвае Катэн у прадмовах да кнігі і ў вядомым нам лісце: “Яны нічога не ведалі, з сённешнега пункту гледжання, аб правілах публікацыі гістарычных дакументаў, гэтым тлумачыцца тыя змены, што яны дазволілі сабе зрабіць”, “... яны так добра адкарэктавалі твор, што ён змяніў свой сапраўдны колер”. У выданні падрыхтаваным Катэнам, згодна з густам рэдактара, была зменена арфаграфія і былі выключаны з тэксту “непатрэбныя” сказы. Катэн вельмі нізка ацаніў узровень кнігі 1856 г., адпаведна і публікацыю мемуараў у Валенсьенскай газеце. Таму ён разглядаў успаміны як яшчэ не выдадзеныя да часу іх друку ў сваім часопісе. І ў пазнейшых перавыданнях мемуараў Бургоня Катэн пазначае, што яны друкуюцца паводле арыгінальнага рукапісу і не жадае выкарыстоўваць тэкст прыжыццёвага выдання Бургоня.
Выданне 1856 г. складаецца з сямі глаў, прычым абвешчаныя ў змесце сёмай главы падраздзелы не адпавядаюць тэксту (мы так і не знаходзім у кнізе апісанне бярэзінскай пераправы). Дакладней, аповед спыняецца на сюжэце сустрэчы нашага героя з калонай французскіх палонных жаўнераў. Цікава, што ў дадзенай кнізе практычна адсутнічае апісанне гэтага спаткання.
Параўнаем два ўрыўкі з тэксту. На апошняй старонцы кнігі 1856 г. мы чытаем: “Нарэшце мы пабачылі з'яўленне галавы калоны, справа і злева ад дарогі ішлі сяляне з рознымі відамі зброі, а па дарозе рушыла больш за дзве сотні палонных з нашага войска, бедакі не маглі больш ісці і ледзь-ледзь трымаліся, многія былі параненыя” [4, с. 162]. А зараз паглядзім апісанне палонных у выданні Катэна: “Пасля пяці-шасці хвілін чакання мы пабачылі з'яўленне галавы калоны, якой папярэднічалі дзесяць ці дванаццаць татар і калмыкаў, узброеных коп'ямі, альбо лукам са стрэламі, справа і злева ад дарогі ішлі сяляне з рознымі відамі зброі, а па дарозе рушыла больш за дзве сотні палонных з нашага войска, няшчасных і ледзь жывых. Многія былі параненыя: хто з перавязанай рукой, іншыя з адмарожанымі нагамі, абапіраліся на вялікія палкі...” Далей прыкладна на старонку расцягваецца апісанне калоны палонных, што цалкам апушчана ў выданні 1856 г.
Розначытанні і скарачэнні даволі часта сустракаюцца ва ўсёй кнізе, калі параўноўваць яго з наступнымі перавыданнямі. Безумоўна, рэдакцыя Катэна больш поўная і менш змененая, але гэта не змяншае значнасць нашага экзэмпляра. Гэта кажа толькі аб тым, што выданне 1856 г. мае унікальную рэдакцыю і сэнсавыя акцэнты ў тэксце. Таму будзе не зусім карэктна атаясамляць кнігу 1856 г. як першае выданне сярод наступных шматлікіх перавыданняў. Не, прыжыццёвая кніга ўспамінаў Бургоня застаецца асобным помнікам мемуарнай літаратуры аб вайне 1812 г. Помнікам, вядомым усяго ў некалькіх экзэмплярах.
Літаратура
1. Военский, К. А. Собрание И. Х. Колодеева по 1812 году в Новоборисове, Минской губернии / К.А. Военский // Военный сборник. – 1904. – № 2. – С. 192 – 208.
2. Гужалоўскі, А.А. Калекцыя напалеаністыкі І.Х. Каладзеева ў Нова-Барысаве / А.А. Гужалоўскі // Беларускі гістарычны часопіс. – 2002. – № 4. – С. 22 – 25.
3. Рарытэты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі = Rarities of the National library of Belarus : фотаальбом / Нацыянальная бібліятэка Беларусі; [складальнікі: Г.У. Кірэева і інш.; навуковы кіраўнік Л.Г. Кірухіна; перакладчык ТАА “Гільдыя прафесійных перакладчыкаў”; фота А.В. Шчукін]. – Мінск: НББ, 2005. – 63 с. : каляр. іл.
4. Campagne de Russie en (1812-1813). Mémoires de Jean-François Bourgogne
// Nouvelle revue retrospective. – Paris, 1896 – 1897. – T.V-VII.
5. Bourgogne. Mémoires sur la campagne de Russie en 1812. – Valenciennes: Prignet, 1856. – 162 р.
6. Bourgogne. Mémoires du sergent Bourgogne (1812-1813). – Paris: Hachette, 1898. – 358 р.
7. Bourgogne. Mémoires du sergent Bourgogne (1812-1813). – Paris: Hachette, 1900. – 251 р.
8. Tulard, J. Odwrót z Rosji w literaturze francuskiej / J. Tulard // Mówią Wieki. – Warszawa, 2002. – S. 19– 21.
9. Бургонь А. Мемуары. – Москва: Наследие, 2003. – 174 с.
10. Бургонь А. Пожар Москвы и отступление французов 1812 г. Воспоминания сержанта Бургоня. – СПб., 1898. – 288 с.
1 "Вам вельмі пашанцавала валодаць экзэмплярам "Эха". Гэта сапраўдная гістарычная рэдкасць. Мне зараз вядома толькі два экзэмпляры гэтай кнігі апрача вашага." (Урывак з ліста дырэктара часопіса “Nouvelle revue retrospective” Поля Катэна да былога ўладальніка дадзенага асобніка кнігі).
2 L'Écho de la frontière, journal politique, littéraire, commercial et judiciaire des arrondissements de Valenciennes et d'Avesnes. / Эха мяжы, палітычная, літаратурная, камерцыйная і юрыдычная газета акругі Валенсьена і Авэснэ. Выходзіла ў 1820 – 1850 гг. тры разы на тыдзень.
3 У падрыхтоўцы выдання прынялі ўдзел яшчэ Агюст Малінер, які выказаў ідэю надрукаваць успаміны ў часопісе, Эдмон Мартэль, які займаўся пошукам нашчадкаў Бургоня ў Валенсьене і Кандэ. Не заставаліся ў баку і сваякі аўтара, якія ўважліва паставіліся да выдання твору.
4 Ліст напісаны ад рукі П. Катэнам на бланку з назвай часопіса, датуецца 1 красавіком 1898 г.
Иллюстрации
|
© Сцебурака А.М., 2007