А.А. Суша А., К.В. Языковіч (Минск)
Вопыт стварэння мультымедыйнага рэсурса “Кніга Беларусі: зводны каталог” у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі
Адным з важнейшых напрамкаў дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі як цэнтра рэтраспектыўнай бібліяграфіі ў краіне з’яўляецца навукова-даследчая работа па складанню поўнага рэпертуару беларускай друкаванай кнігі на працягу ўсёй гісторыі кнігадрукавання на Беларусі.
У 1972 г. быў пакладзены пачатак комплексу работ па стварэнню рэтраспектыўнага зводнага каталога пад агульнай назвай “Кніга Беларусі”, якія працягваюцца па сённяшні дзень. Гэты каталог павінен ахапіць наступныя раздзелы: старадрукаваныя кірылічныя кнігі XVI–XVIII стст.; кнігі XIX – пачатку XX ст. на беларускай мове; кнігі XIX – пачатку XX ст. на рускай мове; кнігі XVI–XVIII стст. лацінскага шрыфту; кнігі XIX – пачатку XX ст. на замежных мовах; кнігі савецкага часу.
Вынікам першага этапу работ стала падрыхтоўка і выданне сумесна з выдавецтвам “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” імя П. Броўкі ў 1986 г. зводнага каталога “Кніга Беларусі. 1517–1917”, які уключыў першыя тры раздзелы. Выданне гэтага каталога стала вельмі значнай падзеяй у гісторыі беларускай бібліяграфіі. Кніга разышлася па многіх бібліятэках і навуковых установах Беларусі і замежжа.
З 1990 г. у аддзеле рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў (цяпер – навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства (НДА кнігазнаўства)) пачаў стварацца зводны каталог беларускай кнігі XVI–XVIII стст. лацінскага шрыфту, спачатку ў форме картатэкі, а з 1993 г. як БД. Паралельна збіраліся звесткі, якія дапаўнялі і ўдакладнялі выдадзеныя раздзелы зводнага каталога.
У пачатку XXI ст. наспела неабходнасць перавыдання зводнага каталога “Кніга Беларусі. 1517–1917” і далейшай распрацоўкі нацыянальнай рэтраспекцыі ў поўным аб’ёме (раздзелаў, не закранутых выданнем 1986 г.). Нарэшце з’явілася магчымасць прадоўжыць работу, распачатую яшчэ ў савецкі час, на базе НДА кнігазнаўства. Першым узнікла пытанне пра структуру і форму будучага інфармацыйнага рэсурса. Паколькі стварэнне выдання, якое ўключыла б усе раздзелы каталога “Кніга Беларусі” (і кірылічнага, і лацінскага шрыфту; ад XVI ст. да сучаснасці), запатрабавала б шматгадовай працы калектыву высокакваліфікаваных спецыялістаў, то ад гэтага варыянта на дадзеным этапе давялося адмовіцца. Было вырашана зрабіць электроннае перавыданне зводнага каталога ў аб’ёме першых трох раздзелаў (як у выданні 1986 г.), якое стане асновай для далейшых работ.
Было таксама вырашана не дапаўняць каталог новымі пазіцыямі, г. зн. не дадаваць апісанні выданняў, не ўключаных у склад каталога 1986 г. У бібліятэках і музеях Беларусі і некаторых замежных краін (у тым ліку ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі) назапашана дастаткова матэрыялу, які можна было б уключыць у перавыданне каталога. Аднак каб абагульніць і апрацаваць яго, неабходна правядзенне дадатковых значных па аб’ёму работ і адпаведныя фінансавыя ўкладанні, што было б даволі складана ажыццявіць ва ўмовах пераезду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў новы будынак. Таму ад папаўнення каталога новымі пазіцыямі на дадзеным этапе давялося адмовіцца. Пэўныя дадаткі былі зроблены толькі для кірылічных выданняў XVI–XVIII стст., якія за апошнія 20 гадоў трапілі ў фонды НДА кнігазнаўства. Ствараемае перавыданне павінна ў сваю чаргу стаць асновай для далейшай работы над каталогам, таму супрацоўнікі НДА кнігазнаўства працягваюць збіраць дапаўненні да складзеных частак.
Развіццё інфармацыйных тэхналогій пашырае магчымасці бібліяграфічнага апісання дакументальнай спадчыны нашай краіны і дазваляе выкарыстаць перавагі электроннай формы прадстаўлення даных пры стварэнні інфармацыйнага рэсурса. З 2004 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі пачала выпуск электронных выданняў на CD‑ROMах. Гэтая форма выдання была абрана і для зводнага каталога “Кніга Беларусі”.
У якасці фармату арганізацыі і прадстаўлення даных быў выбраны Adobe Portable Document Format (PDF) – партатыўны фармат дакументаў Adobe, адзін з найбольш распаўсюджаных фарматаў электронных дакументаў. Выбар менавіта гэтага фармату быў абумоўлены наступнымі яго ўласцівасцямі. PDF – універсальны гнуткі і надзейны файлавы фармат, які дазваляе злучыць у адным рэсурсе тэкставую і графічную інфармацыю, інтэрактыўныя элементы, код HTML, табліцы стыляў. PDF захоўвае дакладны выгляд зыходнага файла – шрыфты, фарматаванне, графіку і колеры, незалежна ад праграмнага забеспячэння і платформы, выкарыстаных для яго стварэння. Перавагай гэтага фармату з’яўляецца яго апаратная незалежнасць. Файлы Adobe PDF кампактныя, сумяшчальныя з рознымі платформамі (PC, Mac і інш.) і могуць быць лёгка перанесены з аднаго камп’ютэра на іншы. Пры дапамозе праграмы Adobe Acrobat Reader дакументы ў фармаце PDF можна праглядаць, ажыццяўляць аператыўны пошук інфармацыі і навігацыю па масіве даных, раздрукоўваць. Пры гэтым захоўваецца цэласнасць і нязменнасць дакумента. Фармат PDF гарантуе, што дакумент будзе раздрукаваны ў поўнай адпаведнасці з тым, як ён выглядае на экране карыстальніка. PDF дазваляе размежаваць правы доступу да інфармацыі розных катэгорый карыстальнікаў, гарантуе неабходны ўзровень бяспекі інфармацыі, дзякуючы наяўнасці пароля прадухіляе непажаданыя дзеянні над файлам (рэдагаванне, капіраванне, раздрукоўка).
Праграма Adobe Acrobat Reader распаўсюджваецца фірмай Adobe бясплатна. Яе інтэрфейс інтуітыўна зразумелы, а магчымасці цалкам адпавядаюць патрабаванням да работы са ствараемым інфармацыйным рэсурсам. Пры гэтым Adobe Acrobat Reader не патрабуе значных сістэмных рэсурсаў. Каб забяспечыць магчымасць усталявання гэтай праграмы для тых карыстальнікаў, якія не маюць яе на ўласным камп’ютэры, разам са зводным каталогам на дыску быў змешчаны дыстрыбутыў Adobe Acrobat Reader.
У якасці мэтавай аўдыторыі зводнага каталога былі вызначаны даследчыкі гісторыі кніжнай культуры Беларусі, літаратуразнаўцы, супрацоўнікі бібліятэк, архіваў, музеяў, а таксама ўсе тыя, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі, як у краіне, так і за яе межамі. Выяўленне асноўных катэгорый патэнцыяльных карыстальнікаў у значнай ступені паўплывала на канчатковую форму прадстаўлення інфармацыі. Акрэсленыя карыстальнікі могуць быць ахарактарызаваны як высокакваліфікаваныя спецыялісты ў сістэме гуманітарных ведаў, але не заўсёды дасведчаныя ў карыстанні электроннымі рэсурсамі. Таму прадстаўленне інфармацыі павінна быць наглядным, інтуітыўна зразумелым, а ўсе магчымыя цяжкасці пры карыстанні інфармацыйным рэсурсам неабходна апісваць у прадмове і іншай суправаджальнай дакументацыі. Да таго ж варта адзначыць, што праграмна-тэхнічная база патэнцыяльных карыстальнікаў (бібліятэкі, музеі, архівы, адукацыйныя ўстановы і інш.) часта з’яўляецца маральна састарэлай і маламоцнай. Таму інфармацыйны прадукт, прызначаны для гэтай мэтавай аўдыторыі, не павінен патрабаваць вялікіх сістэмных рэсурсаў і найноўшага тэхнічнага забеспячэння.
Зыходзячы з таго, што выданне арыентавана не толькі на айчынных карыстальнікаў, былі вызначаны асноўныя мовы інтэрфейсу інфармацыйнага рэсурса, прадмоў і інструкцый па карыстанню – беларуская, руская і англійская. Апісанні выданняў у зводным каталогу павінны былі застацца на мове арыгінала (старабеларускай, царкоўнаславянскай, беларускай, рускай, польскай).
Распрацоўка праекта і стварэнне электроннага рэсурса “Кніга Беларусі” былі ажыццёўлены НДА кнігазнаўства ў цесным супрацоўніцтве з выдавецкім аддзелам і аддзелам электроннай апрацоўкі фондаў пры падтрымцы аддзела суправаджэння праграмнага забеспячэння пад навуковым кіраўніцтвам намесніка дырэктара па навуковай рабоце і сувязях з грамадскасцю.
Удзел у рэалізацыі праекта супрацоўнікаў розных структурных падраздзяленняў бібліятэкі, маштабы і разнастайнасць працэсаў зрабілі надзвычай складанай і адказнай каардынацыю работ па праекту. Важным этапам стварэння каталога стала распрацоўка падрабязнага плана работ, які дазваляў адначасова ці ў належнай паслядоўнасці праводзіць многія працэсы, у якіх удзельнічалі розныя члены творчага калектыву. Здзяйсненне распрацаванага плану дазволіла дасягнуць высокіх тэмпаў і якасці выканання работ.
З самага пачатку распрацоўка электроннага рэсурса была ўскладнена адсутнасцю электроннай версіі тэксту каталога. Таму значную частку работ над дыскам склалі складаныя і працаёмкія працэсы алічбоўкі, рэдагавання, карэктуры і фарматавання тэксту каталога. Дадатковыя цяжкасці выклікала выкарыстанне царкоўнаславянскай, старабеларускай моў і беларускай мовы лацінскага шрыфту, ужытых у апісанні старадрукаў і беларускіх выданняў XIX – пачатку XX ст.
У працэсе падрыхтоўкі электроннага рэсурса быў вырашаны шэраг задач, якія тычыліся змястоўнага напаўнення зводнага каталога. У адпаведнасці з сучаснымі дасягненнямі беларускага кнігазнаўства перапрацаваны прадмовы да каталога. Пададзены сучасныя назвы і адрасы бібліятэк, музеяў і архіваў, у якіх захоўваюцца выданні, апісаныя ў “Кнізе Беларусі”. Апісанні кніг у тэматычным раздзеле “Старадрукаваныя кірылічныя выданні XVI–XVIII стагоддзяў” былі прыведзены ў адпаведнасць з сучаснымі нормамі навуковага апісання старадрукаў. Гэты раздзел быў таксама дапоўнены звесткамі пра экзэмпляры выданняў, якія былі набыты на працягу 20 гадоў пасля выхаду ў свет друкаванага зводнага каталога і захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. З яе фондаў былі адабраны для паўнатэкставага прадстаўлення на дыску 12 выданняў, алічбаваных і згенерыраваных у pdf-файлы.
Выкарыстаўшы шырокія магчымасці сучасных мультымедыйных тэхналогій, распрацоўшчыкі дапоўнілі каталог якасным ілюстрацыйным матэрыялам і стварылі галерэю выяў выданняў са збораў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. На дыску таксама змешчаны электронныя паўнатэкставыя копіі 12-ці выданняў, уключаных у каталог, што дазволіла зрабіць яго больш прадстаўнічым і каштоўным для карыстальнікаў. Выкарыстаныя пры распрацоўцы тэхнічныя і праграмныя сродкі забяспечылі інтэрактыўны характар інфармацыйнага рэсурса, пашырылі магчымасці навігацыі і пошуку ў тэксце каталога. Такім чынам, у выніку работы над праектам было створана не проста перавыданне друкаванага каталога, а, па сутнасці, самастойнае мультымедыйнае выданне з новай структурай, новымі магчымасцямі работы з данымі, прадстаўленае ў новай форме.
Электронная форма рэсурса забяспечвае больш аператыўнае, якаснае і эканомнае правядзенне работ па дапрацоўцы і ўдакладненню каталога, якія будуць ажыццяўляцца па меры назапашвання новых звестак.
Распрацаваны дызайн інфармацыйнага рэсурса ўключыў афармленне ўласна каталога, праграмнай абалонкі, вокладкі і наклейкі дыска.
Значным этапам работ сталі пошук, падбор, алічбоўка і апрацоўка ілюстрацыйнага матэрыялу са збораў беларускага аддзела і НДА кнігазнаўства, расстаноўка ілюстрацый у тэксце каталога і фарміраванне галерэі выяў, арганізацыя гіперспасылачнай сувязі паміж выявамі ў тэксце і галерэяй. Старадрукі алічбоўваліся з дапамогай лічбавага фотаапарата, выданні ХІХ – пачатку ХХ ст. сканіраваліся. На дыску змешчаны выявы фрагментаў 380 выданняў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Ілюстрацыі прадстаўлены ў дзвюх формах: невялікая ўнутрытэкставая выява, змешчаная побач з апісаннем выдання ў каталогу, са спасылкай на адпаведную выяву ў павялічаным фармаце ў галерэі.
Зручнасць карыстання электронным рэсурсам забяспечваюць даведачна-пошукавы апарат і сістэма навігацыі. Вялікія намаганні былі прыкладзены для арганізацыі гіперспасылачнай сувязі паміж тэкстам каталога і паказальнікамі да яго (імянным; назваў; геаграфічным; прадметным; выданняў паводле месца і часу выхаду, друкарняў, друкароў; выдавецтваў; тыпаў выданняў і відаў літаратуры). Гэта дазволіла значна аптымізаваць работу карыстальнікаў з інфармацыйным рэсурсам. Каталог набыў інтэрактыўны характар: па аднаму кліку мышкай можна перайсці ад нумара ў паказальніку да поўнага апісання выдання ў каталогу і назад. Інтэрактыўным з’яўляецца і змест каталога, арганізаваны ў форме гіперспасылак на адпаведныя раздзелы. Зручны элемент навігацыі ўяўляе сабой сістэма закладак, якая дазваляе ў любы момант работы з каталогам перайсці да любога з яго раздзелаў.
Падрыхтаваныя пры дапамозе разнастайнага праграмнага забеспячэння элементы інфармацыйнага рэсурса згенерыраваны ў агульны pdf-файл. Былі складзены інструкцыі па карыстанню дыскам. Распрацаваная праграма аўтазапуску (абалонка) уключае інтэрактыўнае меню, якое дазваляе выбраць мову інтэрфейса, азнаёміцца з агульнай інфармацыяй пра дыск, устанавіць праграму Adobe Acrobat Reader, пачаць работу з каталогам, прагледзець паўнатэкставыя электронныя копіі выданняў, прачытаць інфармацыю пра распрацоўшчыкаў або завяршыць работу з дыскам.
Апошнім этапам работы над праектам стаў выпуск пробнага экзэмпляра дыска і яго тэсціраванне, пасля чаго пачалося тыражаванне электроннага рэсурса.
У выніку паўтарагадовай работы над праектам быў створаны якасны інфармацыйны прадукт, аналагаў якога на постсавецкай прасторы аўтарамі не было выяўлена.
Выданне ўжо выклікала цікаўнасць даследчыкаў Беларусі, Польшчы, Расіі. Ёсць прапановы па супрацоўніцтву ў межах далейшай работы над зводным каталогам беларускай друкаванай кнігі з боку бібліятэк Беларусі і замежжа. Гэты праект мае вялікі патэнцыял і здольны аб’яднаць усіх, хто не абыякавы да лёсу беларускай кнігі.
Анатацыя
У артыкуле А. Сушы і К. Языковіч разглядаецца працэс стварэння мультымедыйнага інфармацыйнага рэсурса “Кніга Беларусі: зводны каталог”, які ажыццёўлены на базе навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Аўтары апісваюць арганізацыйныя, структурныя, тэхнічныя і іншыя праблемы, якія ўзнікалі пры правядзенні работ, а таксама шляхі іх вырашэння. Прапанаваны вопыт можа быць карысным пры распрацоўцы падобных электронных інфармацыйных рэсурсаў у другіх установах культуры нашай краіны і замежжа.
Аннотация
В статье А. Суши и К. Языкович рассматривается процесс создания мультимедийного информационного ресурса «Книга Беларуси: сводный каталог», который был осуществлен на базе научно-исследовательского отдела книговедения Национальной библиотеки Беларуси. Авторы описывают организационные, структурные, технические и прочие проблемы, которые возникали при проведении работ, а также пути их решения. Предложенный опыт может быть полезным при разработке подобных электронных информационных ресурсов в других учреждениях культуры Беларуси и иных стран.
Summary
The report of Alexander Susha and Kseniya Yazykovich concerns the process of creation of multimedia information resource “The Book of Belarus: union catalogue”, which has been realized on the basis of the Research Department of Book Science of the National library of Belarus. The authors describe organizational, structural, technical and other problems and the ways of their solution. The offered experience can be useful in creating of similar electronic resources in other establishments of culture in our country and abroad.
© Суша А.Н., Языкович К.В., 2007