А.В. Белы (Минск)

 

Калекцыя газеты "Наша Ніва" ў фондах  Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

 

Пасля закрыцця першай легальнай газеты "Наша Доля" (у 1906 г.) пачала выходзіць другая беларуская газета - "Наша Ніва", першая масавая газета, якая з'яўляецца унікальным помнікам беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст. Гэта была грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая штотыднёвая газета. Яна выдавалася ў Вільні з 10(23).11.1906 г. да 7(20).08.1915 г. на беларускай мове кірыліцай (да 18(31).10.1912 г. і лацінкай, а па 1915 г. - толькі кірыліцай). Заснавалі "Нашу Ніву" лідэры Беларускай сацыялістычнай Грамады (БСГ), браты І. і А. Луцкевічы, В.  Іваноўскі, А. Пашкевіч (Цётка), А. Уласаў і іншыя. Рэдактары-выдаўцы – С. Вольскі, А. Уласаў (з 08.15.1906 г.), Я. Купала (з 07.03.1914 г. рэдактар, з 16.05.1914 г. рэдактар-выдавец). Рэдактарамі аддзелаў у розны час былі Я. Купала, Я. Колас, З. Бядуля, Х. Імшэнік, В. Ластоўскі, Ядвігін Ш., С. Палуян і іншыя. На старонках газеты выходзілі перадавіцы, іншыя рэдакцыйныя матэрыялы, вершы, нарысы, мастацкая проза, навукова-папулярныя артыкулы. Газета мела больш за тры тысячы часовых і сталых карэспандэнтаў.

Варта адзначыць асобу Аляксандра Мікітавіча Уласава – беларускага грамадскага і культурнага дзеяча, выдаўца, публіцыста. Менавіта ён з 08.12.1906 г. па 16.05.1914 г. быў рэдактарам-выдаўцом "Нашай Нівы". Ф.М. Уласаў заахвоціў да працы ў рэдакцыі Я. Коласа, Я. Купалу, З. Бядулю, Ядвігіна Ш., вёў перапіску з М. Багдановічам, Я.Ф. Карскім, падтрымліваў сувязі з М. Горкім, І.С. Свянціцкім, М. Федароўскім і іншымі. За публікацыі ў газеце не раз прыцягваўваўся да судовай адказнасці. Так, у 1909 г. быў асуджаны на 4 месяцы зняволення. Адзін з заснавальнікаў беларускага выдавецкага таварыства "Наша хата" у Вільні. Удзельнічаў у друкаванні штогадовага Календара "Нашай Нівы", кніг Я. Коласа, Зборніка "Нашай Нівы", кніг Я. Коласа, М. Багдановіча, Ядвігіна Ш., Э. Ажэшкі і іншых. У 1912 г. у Вільні наладзіў выданне селькагаспадарскага часопіса "Саха", у 1914 г. у Мінску – краязнаўчага часопіса для беларускай моладзі "Лучынка".

Актыўна выступаць у друку пачаў у 1908 г. на старонках "Нашай Нівы". Садзейнічаў распрацоўцы беларускай літаратурнай мовы. У публікацыях закранаў значныя падзеі грамадска-палітычнага жыцця, палемізаваў з праціўнікамі беларускага нацыянальнага адраджэння. У 1909 г. у Вільні выдадзена яго праца "Аб гаспадарцы на хутары і шнурах". Свае погляды аб прагрэсіўных формах гаспадарання М. Уласаў адстойваў і на старонках часопіса "Саха", да супрацоўніцтва з рэдакцыяй якога прыцягнуў шырокае кола аграномаў, студэнтаў, гаспадароў-земляробаў.

На жаль, ні ў адным з беларускіх сховішчаў нельга знайсці поўны камплект "Нашай Нівы". У зводным каталогу "Кніга Беларусі 1517-1917" (Мн., 1986) упершыню былі ўлічаны ўсе захаваныя (вадомыя на той час на тэрыторыі Беларусі і ў былых краінах СССР) нумары газеты. У беларускіх сховішчах няпоўныя камплекты "Нашай Нівы" захоўваліся у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі – НББ), у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы (ЦНБ) НАН Беларусі, Урадавай (цяпер Прэзідэнцкай) бібліятэцы, Беларускім Дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ), але ніводная з іх не мела поўнага камплекта, і даследчыкі былі вымушаны звяртацца у бібліятэкі Вільнюса і Ленінграда. Дарэчы, бібліяграфічны ўлік рэдкіх і каштоўных выданняў спрыяе і лепшай іх захаванасці. Акрамя зводнага каталога "Кніга Беларусі", дакладнае бібліяграфічнае апісанне выдання "Нашай Нівы" можна знайсці у новым фундаментальным паказальніку "Газеты Беларусі 1776-1975" (Мн., 2003).

У Дзяржаўнай бібліятэцы (НББ) большасць нумароў захоўвалася у аддзеле беларускай літаратуры, у сховішчы якога яна камплектавалася яшчэ да вайны. Некаторыя нумары былі ў фондах аддзела рэдкай кнігі. Зараз цяжка назваць даваенныя крыніцы атрымання газеты: дакументацыя тых часоў не збераглася, і падшыўкі практычна не маюць правененцыйных прыкмет. Аднак на некаторых з іх захаваліся даваенныя шыфры і іншыя бібліятэчныя паметы, якія сведчаць аб цяжкім лёсе газеты: у часы Другой сусветнай вайны яна разам з іншымі фондамі бібліятэкі была вывезена фашыстамі у Германію, але пасля вайны была вернута у Беларусь. Ці ўсе падшыўкі вярнуліся,  невядома.

Трэба яшчэ раз падкрэсліць, што калекцыя газеты у НББ ніколі не была поўнай. Значным прабелам была адсутнасць нумароў за 1910, 1914 і 1915 гг. Але шматгадовы пошук нумароў (што адсутнічалі) у сховішчах
буйнейшых бібліятэк былога Саюза, у прыватных уладальнікаў даў свій плён: былі дакамплектаваны асобныя нумары і падшыўка за 1910 г.

"Наша Ніва" ўвесь час карысталася вялікім попытам у чытачоў, як ў беларускім аддзеле, так і у аддзеле рэдкай кнігі. Вывучэннем газеты займаліся не толькі беларускія даследчыкі, але і замежныя (з Польшчы, Расіі). Яны даследавалі розныя аспекты беларускай гісторыі, культуры, літаратуры, палітычнага і эканамічнага жыцця краіны. Па выніках даследаванняў выдадзена навуковая праца «Мова "Нашай Нівы". Варыянтнасць. Сінанімія» (Мн., 2005) і матэрыялы канферэнцыі «Янка Купала і "Наша Ніва"» (Мн., 1997). Але інтэнсіўнае выкарыстанне арыгіналаў прывяло да таго, што, на жаль, сёння многім нумарам газеты патрэбна рэстаўрацыя.

Дэфектнасць некаторых нумароў, адсутнасць газеты за пэўныя гады стваралі значныя цяжкасці пры абслугоўванні чытачоў. Частковая рэстаўрацыя праблемы не вырашала. Выхад з гэтай сітуацыі бібліятэка знайшла у мікрафільмаванні камплектаў газеты, якія заказваліся у Маскве і Ленінградзе. Але дрэнная якасць мікрафільмаў, недастатковасць тэхнікі для іх прагляду і г.д. стваралі новыя праблемы.

Кардынальным вырашэннем гэтых праблем стала факсімільнае выданне газеты "Наша Ніва" за 1906-1911 гг. выдавецтвамі "Навука і тэхніка" (вып. 1, 1906–1908 гг., тыраж - 3000 экз.), "Беларуская навука" (вып. 2, 1909 г., тыраж - 1000 экз.), "Тэхналогія" (вып. 3 і 4, 1910 і 1911 гг., тыражом па 1000 экз. кожны). Трэба аддаць належнае ўпартасці і настойлівасці Зміцера Санько, які прыклаў шмат намаганняў для падрыхтоўкі і выдання факсіміле газеты. Дакладнае ўзнаўленне арыгіналаў з адначасовым іх тыражаваннем (на жаль, тыражы 2-4 вып. зменшыліся) дало магчымасць і захаваць арыгіналы, і даць доступ навукоўцам і ўсім жадаючым да матэрыялаў газеты. Варта адзначыць, што зараз вядзецца работа, каб  выдаць выпускі за апошнія гады "Нашай Нівы", а таксама той "Нашай Нівы", якая выходзіла з 28.10 да 20.12.1920 г. у Вільні пад рэдакцыяй У. Знамяроўскага (з 3-га нумара). Рэдакцыя спрабавала аднавіць аднайменнае перыядычнае выданне, якое выходзіла ў 1906–1916 гг. Усяго выйшла 9 нумароў. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі захоўваюцца і гэтыя нумары.

З'яўленне новых тэхналогій дазваляе кардынальна вырашыць праблемы захаванасці унікальных выданняў з адначасовым доступам да іх. На гэта накіравана Дзяржаўная праграма "Памяць Беларусі", асноўнай мэтай якой з'яўляецца захаванне нацыянальнай дакументальнай спадчыны шляхам алічбоўкі - пераносу яе на электронныя носьбіты. Плануецца алічбаваць і перавесці у электронны варыянт ўсю калекцыю газеты "Наша Ніва", якая захоўваецца ў НББ. Гэтаму будзе спрыяць і тое, што пасля пераезду бібліятэкі у новы будынак была праведзена ўнутраная рэструктурызацыя, і усе нумары газеты былі перададзены ў навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства (былы аддзел рэдкай кнігі).

 

 

© Белы А.В., 2007


Наверх

Назад

На главную

Hosted by uCoz