Л.І Доўнар (Минск)

 

Гісторыя кнігі Беларусі: да пытання распрацоўкі канцэпцыі вучэбнага дапаможніка

 

Традыцыйна, як адзначала, да прыкладу, А.А. Белавіцкая, вучэбная кніга падводзіць вынікі папярэдняга развіцця і сучаснага стану навуковай дысцыпліны, змест якой з’яўляецца прадметам вучэбнага курса, і падносіць матэрыял у форме гатовых ведаў [1]. Што ж павінна ўяўляць з сябе так званая форма гатовых ведаў? Перш чым адправіцца ў пошук адказу на дадзенае пытанне, неабходна адзначыць асаблівую актуальнасць і неабходнасць распрацоўкі дадзенай праблемы – стварэння вучэбнага дапаможніка – для Беларусі, беларускага кнігазнаўства, бо, хаця і існуюць, і чытаюцца ў ВНУ краіны курсы кшталту “Гісторыі беларускай кнігі”, аднак як няма фундаментальнай манаграфічнай працы, так і няма ні падручніка ці вучэбнага дапаможніка, дзе цэласна была б прадстаўлена эвалюцыя кнігі Беларусі ад старажытнасці да сучаснасці.

Асноўнымі друкаванымі крыніцамі, якія рэкамендуюцца студэнтам з’яўляюцца (адпаведна цягу гісторыі) “Палата кнігапісная. Рукапісная кніга на Беларусі ў Х – XVIII стагоддзях” Міколы Нікалаева (Мн., 1993); вучэбны дапаможнік – “Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI – пачатак XX ст.)” Наталлі Бярозкінай (Мн., 1998; 2-е выд. – Мн., 2000); гістарычны нарыс – “Книжное дело в Белоруссии (исторический очерк)” А. Волка і А. Раковіча (Мн., 1977). У апошні час па гісторыі беларускага кнігавыдання 1921–1944 гг. з’явіліся пераклады прац Юрыя Туронка з польскай мовы – “Беларуская кніга пад нямецкім кантролем. 1939–1944” (Мн., 2002) і “Беларуская кніга ў міжваеннай Польшчы 1921–1939” (2006) [2]. Вынікамі асэнсавання сучаснага стану кнігавыдання ў Беларусі (ад пачатку 1990-х гг.) сталі праведзеныя ў 1996 г. і 2006 г. міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, паводле якіх выйшлі адпаведныя зборнікі – “Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць у Беларусі: гісторыя і сучаснасць” (Мн., 1997) [3] і “Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры” (Ч.1-2. Мн., 2006) [4], а таксама праца Станіслава Нічыпаровіча “Развитие издательско-полиграфического комплекса Беларуси в условиях становления рыночных отношений” (Мн., 2001) [5] і артыкулы Ларысы Доўнар у “Беларускай Энцыклапедыі” (Мн., 2004. Т. 18, кн. 2) і энцыклапедыі “Республика Беларусь” (Мн., 2005. Т. 1; Мн., 2006. Т. 3) [6]. Што тычыцца гісторыі перыядычнага друку, то падобны матэрыял – прэрагатыва журналістыкі [7]. Аднак, шырокай трактоўкі паняцця “кніга” прытрымліваліся такія вядомыя кнігазнаўцы, як Іосіф Барэнбаўм [8] – лічыў неабходным разгляд перыядычныя выданнняў у гісторыі кнігі ў той меры, у якой гэта было неабходным для выяўлення агульных заканамернасцяў развіцця друку, яго відаў, ролі ў жыцці грамадства; Абрам Іофэ адзначыў, у прыватнасці, што кніга ўяўляе з сябе пэўную складовую частку друку цалкам [9]; Леў Уладзіміраў уключаў у яго роднасныя кнізе тыпы – часопіс, газету і нават плакат [10]. І таму нельга не пагадзіцца з слушнай заўвагай, што без вывучэння гэтых тыпаў друкаванай прадукцыі не можа быць поўнасцю прадстаўлены той ці іншы перыяд эвалюцыі кнігі [11].

       Зразумела, што крыніцазнаўчая і гістарыяграфічная база гісторыі кнігі Беларусі далёка не абмяжоўваецца названымі працамі, а ўлічваючы сучасныя распрацоўкі як беларускіх, так і замежных аўтараў, – уяўляе даволі значны корпус крыніц: 1) навукова-бібліяграфічных, якія адлюстроўваюць, у асноўным, друкаваныя выданні і кніжныя зборы, а таксама, у некаторай ступені, рукапісныя кніжныя помнікі; 2) навукова-даследчых, якія апошнім часам асабліва актывізаваліся – даследаванні, прысвечаныя дзейнасці асобных друкарняў, выдавецтваў і выдаўцоў; распрацоўваюцца таксама і тэмы, звязаныя з бытаваннем, распаўсюджаннем кнігі; папаўняюцца прагалы ў гісторыі кнігі Беларусі па рукапіснай кнізе на лацініцы, выдавецкай дзейнасці ў перыяд Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, выдавецкай дзейнасці беларускага замежжа, сучасным стане кнігавыдання, мастацкім афармленні беларускай кнігі, даследаванні асобных кніжных помнікаў і інш.

З’явіліся напрацоўкі тэарэтычнага характару, выкліканыя неабходнасцю ўдакладнення асноўных базавых паняццяў, як напрыклад, змест і склад паняцця “кніжнасць” [12], змест і аб’ём паняцця “беларуская кніга” [13], значэнні паняццяў “нацыянальны тэкст” [14] і “рэлігійная кніга” [15]. Доктар педагагічных навук, прафесар, заг. кафедры тэорыі і гісторыі інфармацыйна-дакументных камунікацый БДУ культуры і мастацтваў Васіль Лявончыкаў лічыць, што паняцце “беларуская кніга” носіць гетэрагенны (разнародны) характар, змест якога ўключае наступныя прыметы:

·          сутнасныя – мову, аўтарства, тэрыторыю, змест кнігі, а таксама

·          дадатковыя – рэдакцыйнае, тэхнічнае і мастацкае выкананне твораў друку.

У сваю чаргу аб’ём паняцця ахоплівае:

·          беларускамоўныя кнігі, выдадзеныя на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі;

·          кнігі на іншых мовах (царкоўнаславянскай, лацінскай, рускай, польскай і інш.), напісаныя аўтарамі беларускага народа (ліцьвінамі, заходнебеларусамі, беларусамі) і грамадзянамі Беларусі, незалежна ад месца іх выдання;

·          пераклады кніг беларускіх аўтараў на замежныя мовы і кніг замежных аўтараў на беларускую мову (з замежных моў);

·          кнігі, выдадзеныя выдавецтвамі і друкарнямі на тэрыторыі Беларускай дзяржавы і на беларускай этнічнай тэрыторыі, калі Беларусь не мела дзяржаўнасці.

У суадносінах да паняцця “нацыянальная кніга” паняцце “беларуская кніга” не з’яўляецца сінонімам. Тэрмін “нацыянальная кніга” ў большасці краін свету асэнсоўваецца як палітанімічны, у адпаведнасці з гэтым “беларуская кніга” – як этнанімічны, які сведчыць аб аднясенні кнігі да пэўнага народу (нацыі), а не краіны.

Беларускімі культуролагамі ўводзіцца і такі тэрмін, як “нацыянальны тэкст”, які, у прыватнасці трактуецца, як любая семантычная структура, у якой адлюстроўваюцца светапогляд, менталітэт і характар дадзенага народа (нацыі). У нацыянальным тэксце акумулююцца гістарычны, культурны і сацыяльны вопыт нацыі [16].

       У працах філолага Любові Ляўшун зроблены глыбокі аналіз паняццяў усходнеславянская “кніжнасць”, “кніга”, якія не заўсёды былі такімі як у сучаснасці: пад кнігамі ў старажытнасці ўсходнія славяне разумелі менавіта царкоўна-літургічнае і царкоўна-павучальнае пісанне, якое тлумачыла хрысціянскае веравучэнне, і толькі потым гэта паняцце распаўсюдзілася на іншыя любыя кнігі. У адзначаных працах Л. В. Ляўшун, дарэчы, вартыя ўвагі і напрацоўкі аўтара ў галіне тыпалогіі кнігі, яе жанравай разнастайнасці, цэннаснай арыентацыі ў той ці іншы перыяд.

Трапныя азначэнні раней не распрацоўваемых тэрмінаў “рэлігійная кніга” і “рэлігійнае выданне”, а таксама іх тыпалогія дадзены Тамарай Самайлюк, якая пад рэлігійнай кнігай разумее кнігу, “змест якой выяўляе светапоглядныя ўстаноўкі індывідуума ці калектыўнага суб’екта, заснаваныя на спасціжэнні пэўнага містычнага рэлігійнага вопыту, які выходзіць у сферу трансцэдэнтнага, і адлюстраванне гэтага зместу ва ўсведамленні суб’ектаў, якія падзяляюць ці не падзяляюць духоўна-практычныя каштоўнасці аўтараў” [17]. Вывучэнне пытання “рэлігійнае выданне” (якое, дарэчы, хоць і ўведзена як від выдання ў дзяржаўныя стандарты Рэспублікі Беларусь, аднак не дае магчымасці дыферынцаваць літаратуру па рэлігійнай ці канфесійнай прыналежнасці; адпаведна адсутнічае дакладнае дзяленне рэлігійнай літаратуры па прыналежнасці да той ці іншай рэлігіі або канфесіі) прывяло Т.А. Самайлюк да высновы, што вядучай прыметай, па якой вызначаецца прыналежнасць выдання да той ці іншай рэлігіі ці хрысціянскай канфесіі, з’яўляецца веравызнальная дактрына [18]. Такім чынам, культура тэарэтычнага асэнсавання фактаў і паняццяў у значнай ступені стрымлівае нас ад аўтаматычнага пераносу сучасных уяўленняў на мінулыя стагоддзі.

       У беларускай гуманітарнай прасторы абазначыліся таксама змены ў парадыгмальным ракурсе працэсу вывучэння кнігі, якія скіроўваюцца ў бок культуралогіі. У сувязі з гэтым неабходна адзначыць такі комплексны навуковы гісторыка-тэартэтычны кірунак, да якога прыступілі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі, як “Кніжная культура Беларусі: гісторыка-тэарэтычны аспект” (планавая навуковая тэма на 2006–2010 гг.). Ужо на першм этапе даследавання было адзначана, што сучасны тэарэтычна-гістарычны аналіз з’яў кніжнай культуры разнастайных гісторыка-культурных асяродкаў ажыццяўляецца з выкарыстаннем новых метадалагічных прынцыпаў і падыходаў, у т.л. з пазіцый культуралогіі [19], звязаных з развіццём нацыянальнага тэксту як найвышэйшай праявы творчага духу, крэатыўных здольнасцяў нацыі, які у сваю чаргу стварае культурную прастору яе жыццядзейнасці. Кніга ў культуры разглядаецца з аднаго боку, як артэфакт і аснова быцця культуры, і з другога – як навуковая катэгорыя кніжнай культуры ў складзе адпаведнай навуковай дысцыпліны. Кніжная культура вывучае кнігу ў кантэксце сацыякультурнай прасторы, дзе культура разумеецца як цэласнае і ў той жа час рухомае адзінства духоўнага, мастацкага і матэрыяльнага яе пластоў [20].

       Такім чынам, гісторыя кнігі, як навука, набывае ў сучаснасці зусім іншы, якасна новы ўзровень асэнсавання. Гісторыя кнігі сёння разглядае кнігу не толькі ў шырокім яе значэнні [21], але і адзінстве духоўнага, мастацкага і матэрыяльнага, у эвалюцыйным неперарыўным працэсе развіцця грамадства. Таму і аб’ектам гісторыі кнігі становіцца хутчэй кніжная культура, а яе прадметам – гісторыя феномену кнігі [22].

       Дапаможнік жа па гісторыі кнігі Беларусі не павінен стаць толькі вынікам падсумавання ведаў, дасягнутых у яе вывучэнні, але і павінен акрэсліць і найменш распрацаваныя пытанні. Таму яго змест, на нашу думку, лепш было б арганізаваць выкарыстоўваючы праблемны падыход (напрыклад, звязаны з пераасэнсаваннем савецкай ідэалогіі), які спалучаўся б з прадстаўленнем асноўных канцэптуальных поглядаў (у выпадку іх існавання) на тое ці іншае пытанне, напрыклад, што тычыцца даціроўкі першадрукаў Ф. Скарыны [23], ці адлюстравання фактаў з гісторыі кнігі Беларусі, напрыклад, у сучасных расійскіх выданнях па сусветнай гісторыі кнігі [24], ці літоўскіх працах, прысвечаных гісторыі кнігі ў ВКЛ [25] і інш.

Якой жа мусіць быць стратэгія працы з фактамі мінулага, што павінны быць адабранымі, пэўным чынам сістэматызаванымі ў адпаведнасці з унутранай логікай? Можна вылучыць чытыры асноўныя стратэгіі такой працы, якія прапаноўваюцца беларускімі філосафамі і ўмоўна называюцца: храналогія, марфалогія (сукцэсія), геналогія і тэлеалогія [26]. У аснове ўсіх стратэгій ляжыць агульнае паняцце памяці як пэўнага сацыякультурнага механізму працы з мінулым. А памяць фармуецца праз веды пра мінулае – кнігу. Таму і галоўнейшай мэтай вывучэння гісторыі кнігі з’яўляецца сцвярджэнне сваёй уласнай ідэнтычнасці. Гісторык, які піша гісторыю, заўсёды рыхтуе будучыню і гэтым уплывае на свядомасць. Вучэбная кніга – гэта і ёсць інструмент фармавання пэўнай свядомасці. Праца з мінулым не з’ўляецца абстрактнай і адвольнай, яна задаецца мэтамі і інтэнцыямі суб’екта, гэта значыць прадугледжвае пэўнае канструяванне сэнсу.

       Вызначэнне структуры дапаможніка па гісторыі кнігі Беларусі метадалагічна звязана з адпаведным пытаннем перыядызацыі [27]. Да сёняшняга часу няма адзінства ў выбары адпаведных крытэрыяў для вызначэння межаў перыядаў, што адлюстроўвалі б змены якаснага характару. Розняцца не толькі аб`екты і метады даследавання, якія выбіраюцца гісторыкамі пры даследаванні нават адной эпохі, але ж “у ідэале метады вывучэння адной эпохі адрозніваюцца ад метадаў даследавання другой. Наогул, усялякі падзел гістарычнага часу адносны і ўмоўны, ён ідэйны, існуючы толькі ў галаве даследчыка, аднак дзяленне гэтае патрэбна для лепшага разумення мінулага” [28]. Нельга не згадзіцца з беларускім гісторыкам Г. Сагановічам, які гаворыць, што нераўнамернасць і спецыфіка развіцця народаў і рэгіёнаў вымагае выпрацоўкі перыядызацыі як формулы іх гістарычнага шляху. “І задачай тут ёсць як мага больш тонкае вызначэнне яго храналагічных каардынатаў”, каб гэта спрыяла, а не замінала разуменню [29]. Спробы вызначэння своеасаблівых храналагічных рамак у развіцці беларускай літаратуры былі зроблены і літаратуразнаўцамі, якія звязалі іх з праяўленнем у першую чаргу мастацка-эстэтычных тэндэнцый у развіцці беларускай літаратуры [30]. Трактаванне перыядызацыі гісторыі беларускай культуры праводзіцца шляхам вылучэння пэўных перыядаў існавання Беларусі ў складзе, напрыклад, Вялікага княства Літоўскага; Рэчы Паспалітай; Расійскай імперыі, а таксама ўздзеяння на культурнае жыццё вызначальных дзяржаўных палітычных уціскаў, напрыклад у перыяд СССР [31]. Праблема перыядызацыі з`яўляецца не менш актуальнай і для гісторыка-кніжных даследаванняў [32]. Звязана гэта праблема таксама ў першую чаргу з праблемай вылучэння крытэрыяў перыядызацыі. Напрыклад, такія даследчыкі гісторыі беларускага кнігадрукавання ХІХ – пачатку ХХ ст., як Я.С. Умецкая і Н.Ю. Бярозкіна, вылучылі дарэформенны (1801–60-я гг.) і парэформенны (1861–1917) перыяды, унутры якіх ідзе падзел і на пэўныя этапы. Так, у першым перыядзе вылучаюцца 2 этапы: 1801–1832 гг., 1833–1860 гг. У другім – 1861–1900, 1901–1917 гг. Вучэбныя праграмы па гісторыі кнігі Беларусі пабудаваны таксама адпаведна выдзялення ў гісторыі кнігавыдання першай і другой паловы ХІХ ст., пачатку ХХ ст. Перыядызацыя гісторыі беларускай кнігі, якой сёння карыстаюцца, амаль адпавядае прынятай перыядызацыі ў гістарычнай, а таксама ў філалагічнай навуках Беларусі, якія засноўваюцца на фармацыйным падыходзе, на тэорыі грамадска-эканамічных фармацый. Тым не менш, у прыватных пытаннях вывучэння гісторыі кнігавыдання такіх, як, напрыклад, дзейнасць Віленскага цэнзурнага камітэта, у якой даследчыкі вылучаюць перыяд лаяльнай апекі Чартарыйскага (1803–1823) і перыяд крайняй рэакцыі Навасільцава (1826–1832) [33], нельга не заўважыць і своеасаблівыя падыходы пры выбары крытэрыяў перыядызацыі. Як сведчаць прыведзеныя вышэй прыклады адносна гісторыі беларускага кнігадрукавання, аўтары часцей выкарыстоўваюць і засноўваюцца на яскравых і бачных зменах даследуемай структуры, якія звязваюць, у першую чаргу, з вынікамі сацыяльна-эканамічных і палітычных падзей, што пацвярджае іх абгрунтаванасць. Аднак па меры дэталізацыі перыяду павінны ўводзіцца і дадатковыя крытэрыі, якія ўдакладнілі б выбраныя асноўныя дзяленні. Сярод дадатковых, спецыфічных крытэрыяў перыядызацыі гісторыі кнігі расійскі кнігазнаўца В.І. Харламаў называе, напрыклад, такія фактары, як “спосаб вытворчасці кнігі”, “характэрныя асаблівасці кніжнай вытворчасці і распаўсюджвання кнігі”, “дзяржаўную палітыку ў галіне друку”, “структуру кнігавыдання”, “функцыянальныя асаблівасці і тэматыку рэпертуара” [34].

Пры перыядызацыі гісторыі беларускай кнігі намі прапануецца комплексны крытэрый, які ўключае галоўны – гістарычны, асноўныя – сацыяльна-эканамічныя, палітычныя, культурна-асветніцкія; спецыфічныя – кнігазнаўчыя крытэрыі (дзяржаўная палітыка ў галіне кнігавыдання; структура сістэмы кнігавыдання; функцыі, тэматыка і змест кнігавыдавецкай прадукцыі). У адпаведнасці з гэтым мы вылучаем наступныя перыяды ў гісторыі кнігі Беларусі: І перыяд – Пісьменства і кніга часоў Полацкага княства (Х–ХІІІ стст.); ІІ – Кніга Беларусі ў межах Вялікага княства Літоўскага (XІІІ–XVIII стст.); ІІІ – Кніга Беларусі ў перыяд Расійскай імперыі (канец XVIII – пач. ХХ ст.); IV – Кніга Беларусі ў перыяд усталявання савецкай улады і БССР (1917–1991 гг.); V – Кніга Беларусі ў сучасны перыяд (1991–2007 гг.). Кожны з перыядаў адпаведна павінен мець яшчэ і свой падзел на пэўныя этапы, у адпаведнасці з якімі і будзе разглядацца гісторыя кнігі Беларусі. Напрыклад, “Кніга Беларусі ў перыяд Расійскай імперыі (канец XVIII – пач. ХХ ст.)” падзяляецца на наступныя этапы – 1795–1864, 1865–1904, 1905–1917 [35]. А “Кніга Беларусі ў перыяд усталявання савецкай улады і БССР (1917–1991 гг.)” можа разглядацца ў такіх часавых адрэзках, як 1917–1921, 1921–1939; 1939–1944, 1945–1963, 1964–1991 гг. Нават сучасны працэс кнігавыдання ў Рэспубліцы Беларусь вымагае падзелу на этапныя прамежкі – гэта 1991–1996; 1997–2001 і 2002–2007 гг. Нас павінна цікавіць менавіта сутнасць, змест таго ці іншага працэсу ў гісторыі кнігі, якія ўплывалі на тыя ці іншыя змены [36].

Адным з такіх фактараў можа служыць менавіта мова. Як сцвярджаюць сучасныя аўтары беларускіх літаратуразнаўчых прац, прысвечаных вывучэнню разнамоўных плыняў у беларускай літаратуры, кожная з іх не магла не выяўляць пэўнай сувязі з адзінамоўнай іншанацыянальнай літаратурай, а характар тагачаснага літаратурнага працэсу Беларусі ў значнай ступені вызначыўся прамым ці ўскосным узаемадзеяннем літаратур [37]. У шэрагу літаратуразнаўчых даследаванняў выяўлены заканамернасці станаўлення полілінгвістычнай мастацкай літаратуры Беларусі (М. Грынчык, В. Дарашкевіч, І. Ралько, І. Саверчанка, С. Кавалёў, А. Мельнікаў і інш.). На моўнае шматгалоссе старажытнай і новай беларускай літаратуры звяруў увагу доктар філалагічных навук Юрый Лабынцаў [38]. Тут неабходна адзначыць таксама канцэптуальны падыход і доктара Міколы Нікалаева, які адзін з першых пайшоў па шляху комплекснага разгляду шматмоўнай кніжнай культуры Вялікага княства Літоўскага [39], а таксама Л.І. Доўнар у даследаванні разнамоўнага кнігавыдавецкага рэпертуару Мінска ў перыяд Расійскай імперыі [40]. Дадзены падыход павінен стаць прынцыповым і цалкам пры вывучэнні эвалюцыі гісторыі кнігі Беларусі, якая складаецца з разнамоўных плыняў, прадстаўленыя ў комплексе, яны будуць спрыяць цэласнаму ўспрыняццю адпаведных працэсаў у гісторыі кнігі Беларусі.

       У звязку з азначанымі фактарамі выступае і тэрытарыяльнае вызначэнне межаў даследавання гісторыі кнігі. Сучасныя беларускія навуковыя і энцыклапедычныя працы яшчэ раз пацвярджаюць, што як з’явы шматмоўнасці і поліканфесійнасці Беларусі, так і пытанні яе тэрытарыяльных межаў у розныя гістарычныя перыяды – з’яўляюцца прынцыпова вызначанымі. Сведчаннем бяспрэчна каштоўнага, па-новаму пераасэнсавага матэрыялу стала, напрыклад, энцыклапедыя “Вялікае княства Літоўскае” (Т. 1. Мн., 2005; Т. 2. Мн., 2006) [41], а таксама іншыя выданні па даследаванні нацыянальнай гісторыі [42]. Неад’емнай часткай гісторыі беларускай кнігі з’яўляецца і гісторыя кніжнай справы беларускага замежжа [43]. Спалучэнне этнічнай, дзяржаўнай, нацыянальнай прыметаў (або тэрмінаў “этнонім”, “палітонім”, “тапонім” [44]) у адносінах да паняцця “беларуская кніга”, якія ў розныя гістарычныя перыяды выступалі галоўнымі ў вызначэнні яго сутнасных характарыстык, складаюць адну з асноўных метадалагічных задач, якія стаяць перад гісторыкамі кнігі.

Вылучэнне ключавых кропак у развіцці кнігі, якія прасочваліся б на працягу кожнага з яе перыядаў (а таксама і этапаў), дасць магчымасць паказу цэласнай карціны эвалюцыі кнігі Беларусі. Такімі ключавымі кропкамі могуць быць, напрыклад, сацыяльна-эканамічныя, палітычныя, культурна-асветніцкія ўмовы функцыянавання кнігі; цэнзура; цэнтры кніжнай культуры (гарады, манастыры, друкарні, выдавецтвы); сістэма кніжнай справы (асноўныя тыпы прадпрыемстваў па стварэнні і распаўсюджанні кнігі); дзеячы ў галіне кніжнай справы (асветнікі, перапісчыкі, друкары, выдаўцы); матэрыяльная форма кнігі і яе мастацкае афармленне; кніжны рэпертуар (тэматыка-тыпалагічны і моўна-графічны склад); асноўныя кніжныя помнікі і інш.

У адпаведнасці з гэтым асноўнымі задачамі вучэбнага дапаможніка з’яўляюцца: характарыстыка гістарычных перыядаў і этапаў развіцця кнігі Беларусі, прадстаўленне асноўных тэндэнцый фармавання беларускага пісьменства і кнігі ад рукапіснай да друкаванай (а сёння і да электроннай), у тым ліку, асаблівасцяў яе матэрыяльнай формы, афармлення, зместу; раскрыццё ўяўленняў аб развіцці разнастайных тыпаў і відаў беларускай кнігі, яе рэпертуару (тэматыкі, мовы, графікі); прадастаўленне ведаў аб сістэме беларускай кніжнай справы ў яе гістарычным развіцці і на сучасным этапе; разгляд дзейнасці буйнейшых дзеячаў у галіне кніжнай справы. У ліку ж першачарговых метадалагічных задач перад складальнікамі застаюцца вызначэнне тэрміналогіі і перыядызацыі гісторыі кнігі Беларусі; удакладненне тыпалогіі беларускай кнігі; вызначэнне стратэгіі работы з гістарычнымі фактамі, заснаванай на адзінай метадалогіі аналізу і вывучэння гістарыяграфічнага і крыніцазнаўчага матэрыялу [45]. Набыць жа цэласнасць кнцэпцыя курса “Гісторыі кнігі Беларусі” зможа пры захаванні адпаведнай паслядоўнасці ў фармаванні асноўных аспектаў развіцця беларускай кнігі.

Нягледзячы на тое, што вучэбны дапаможнік можа з’яўляцца толькі дапаможным інструментам навучання, пры выкарыстанні сучасных камп’ютэрных тэхналогій, ён можа пераўтварыцца ў цэласны вучэбна-метадычны комплекс, забяспечаны не толькі лекцыйным тэкставым матэрыялам, але даведачным матэрыялам (напрыклад, тэрміналагічным слоўнікам), а таксама электроннымі базамі: дакументаў, фактаграфіі, ілюстрацый, звязаных у адзінае цэлае методыкай і агульным канцэптуальным падыходам, якія ажыццяўляюць алгарытм навучання, а таксама кантроль ведаў.

 

Заўвагі

1. Беловицкая А.А. Общее книговедение / А.А.Беловицкая. – М. : Книга, 1987. – С. 3.

2. Гл. выданне: Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі / Ю. Туронак. – Вільня : Інстытут беларусістыкі, 2006. – С. 278–322, 323–372.

3. Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць у Беларусі: гісторыя і сучаснасць : матэрыялы Міжнар. навукова-практ. канф. (Мінск, 3–4 кастр. 1996 г.) / рэдкал. : А. Трусаў, Т. Самайлюк, Л. Доўнар, Т. Дзем’яновіч, А. Патупа, Я. Будзінас, Н. Бярозкіна. – Мн. : Тэхналогія, 1997. – 70 с.

4. Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры : зб. навук. артыкулаў : у 2 ч. / Бел. дзярж. ун-т культуры і мастацтваў ; склад. Т. А. Дзем’яновіч, Л. І. Доўнар, Т. А. Самайлюк. – Мн., 2006. – Ч. 1. – 242 с. ; Ч. 2. – 209 с.

5. Гл. таксама: Ничипорович С.А. Современное состояние книгоиздания в Беларуси: проблемы и пути совершенствования / Ничипорович С.А. // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры : зб. навук. арт. : у 2 ч. – Мн., 2006. – Ч. 2. – С. 189–198; Потупа А. Книгоиздание в Беларуси: мрачные тенденции и светлые перспективы / Александр Потупа // Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць у Беларусі: гісторыя і сучаснасць : матэрыялы Міжнар. навукова-практ. канф. (Мінск, 3–4 кастр. 1996 г.) – Мн. : Тэхналогія, 1997. – С. 5–7.

6. Доўнар Л. І. Выдавецкая справа / Л.І. Доўнар // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мн. : БелЭн, 2004. – Т. 18, кн. 2 : Рэспубліка Беларусь. – С. 428–436; Довнар Л.И. Издательское дело / Довнар Л.И. // Республика Беларусь : энциклопедия [в 6 т.]. – Мн. : БелЭН, 2005. – Т. 1. – С. 877–885; Таксама: Издательское дело / Довнар Л.И. // Республика Беларусь : энциклопедия [в 6 т.]. – Мн. : БелЭн, 2006. – Т. 3. С. 719–723.

7. Гл.: Говін С.В. Перыядычны друк / С.В. Говін // Беларуская Энцыклапедыя. – Мн., 2004. – Т. 18, кн. 2. – С. 436–441; Слука А.Г. Беларуская журналістыка. У 3 ч. Ч. 1. – Мн. : БДУ, 2000. – 232 с.

8. Баренбаум И.Е. История книги : [уч. для фак. ин–тов культуры] / И.Е. Баренбаум, Т.Е. Давыдова. – М. : Книга, 1971. – 463 с. Рэжым доступу: http://www.hi-edu.ru/e-books/xbook032/01/index.html?part-002.htm; Баренбаум И. Е. К вопросу об универсальном понятии “книга” / И.Е. Баренбаум // Книга: Исслед. и материалы. – М.: Книга, 1977. – Сб. 34. – С. 5 13.

9. Иоффе А.М. Введение в книговедение : уч. пособие по курсу Книговедение и история книги для студ. библиотечного ф-та ин-тов культуры / А.М. Иоффе. – М., 1978. – С. 3.

10. Владимиров Л.И. Всеобщая история книги: Древний мир. Средневековье. Возрождение. XVII век / пер. Н.Л. Владимировой. – М. : Книга, 1988. – С. 5. – Паводле выд.: Vladimirovas L. Knygos istorija. – Vilnius : Mokslas, 1979. Неабходна таксама адзначыць і комплексны падыход Л. Уладзімірава да разгляду кнігі ў розныя гістарычныя эпохі, калі ён удзяляў увагу як арганізацыі яе вытворчасці, так і распаўсюджанню – кніжнаму гандлю, бібліятэкам, іншым сродкам прапаганды і сістэматызацыі (бібліяграфіі). Дарэчы, праца Л. Уладзімірава да нашага часу не страціла сваёй актуальнасці і крыніцазнаўчага значэння пры вывучэнні гісторыі кнігі і бібліятэчнай справы Беларусі Х–XVII стст.

11. Бярозкіна Н.Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XV – пачатак ХХ ст.) : вуч. дап. для студ. гіст. і бібл. спецыяльнасцей ВНУ / Н.Ю. Бярозкіна. – 2-е выд. – Мн. : Беларуская навука, 2000. – С 10.

12. Левшун Л.В. Очерки истории восточнославянской средневековой книжности: эволюция творческих методов / Л.В. Левшун. – Мн. : ЕГУ, 2000. – С. 5–9; Левшун Л.В. История восточнославянского кнжного слова ХIXVII вв. : [уч. пос.] / Л.В. Левшун. – Мн. : Изд. центр ЗАО Экономпресс, 2001. – 351 с. : ил.; Левшун Л.В. Традиции просвещения в восточнославянской культуре: «книгы» и книга / Л.В. Левшун // Ученые записки : сб. науч. ст. факультета теологии / ЕГУ, Ф-т теологии им. свв. Мефодия и Кирилла. – Мн., 2002. – Вып.1. – С. 185–195; Левшун Л.В. Образ книги в восточнославянской культуре / Л.В. Левшун // Духовное образование и христианское культурное наследие (по материалам конференций, организованных межконфессиональной рабочей группой при ММОЦ). – Мн. : ЕГУ, 2003. – С. 5–15.

13. Лявончыкаў В.Е. Беларуская кніга: падыходы да вызначэння зместу і аб’ёму паняцця / Лявончыкаў В.Е.// Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры : зб. навук. арт. : у 2 ч. – Мн., 2006. – Ч. 1. – С. 13–19.

14. Доўнар Л.І. Развіццё беларускай навукі пра кнігу ў 1920-я гады / Доўнар Л.І.// Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры : зб. навук. арт. : у 2 ч. – Мн., 2006. – Ч. 2. – С. 114.

15. Самайлюк Т.А. Да пытання тыпалогii рэлiгiйнай кнiгi / Т.А. Самайлюк // Матэрыялы Першых Кнiгазнаўчых чытанняў [Мiнск, верасень 1998 г.] / склад. Т.I. Рошчына. – Мн., 2000. – С. 35–39; Самайлюк Т. Тыпалагічная характарыстыка каталіцкай кнігі, выдадзенай у Вялікім Княстве Літоўскім у XVIII ст. / Т. Самайлюк // Гісторыя выдавецкай дзейнасці ў Польшчы і Беларусі ў XVIXX стагоддзях : зб. навук. арт. / НАН Беларусі, ЦНБ імя Я.Коласа. – Мн. : Белфранс, 2003. – С. 57–70; Самойлюк Т.А. Православная книга в Беларуси / Т.А. Самойлюк. – Мн. : Православ. Братство в честь Святого Архистратига Михаила, 2005. – 128 с.

16. Анціпенка А. Этнас, нацыя, нацыянальная самасвядомасць: Да вызначэння падставовых паняццяў / ААнціпенка // Беларусіка=Albaruthenica : Кн.3 : Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх ўзаемадзеянне / рэд. А. Мальдзіс і інш. – Мн., 1994. – С. 140.

17. Самайлюк Т.А. Да пытання тыпалогii рэлiгiйнай кнiгi / Т.А. Самайлюк // Матэрыялы Першых Кнiгазнаўчых чытанняў [Мiнск, верасень 1998 г.] / склад. Т.I.Рошчына. – Мн., 2000. – С. 37.

18. Самойлюк Т.А. Православная книга в Беларуси / Т.А. Самойлюк. – Мн. : Православ. Братство в честь Святого Архистратига Михаила, 2005. – C. 11–12.

19. Самойлюк, Т. А. Белорусская книга в контексте мировой книжной культуры / Т. А. Самойлюк // Книжное дело. – 2006. – № 2. – С. 102–104. – Таксама як электронны рэсурс. Рэжым доступу: http://knigdelo.ru/.

20. Што пацвярджаюць, напрыклад наступныя даследаванні: Крукоўскі М. І. Філасофія культуры : уводзіны ў тэарэтычную культуралогію / М. І. Крукоўскі. – Мн. : Універсітэцкае, 2000. – 192 с.; Нікалаеў М. В. Пачаткi кніжнай культуры Вялікага Княства Літоўскага / Мікола Нікалаеў // Спадчына. – Мн., 2002. – № 5/6 (150). – Рэжым доступу: http://old.kamunikat.org/www/czasopisy/spadczyna/2002-5-6/02.htm; Крукоўскі М.І. Кніга і яе месца ў сістэме культуры / Крукоўскі М. І. // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры : зб. навук. арт. : у 2 ч. – Мн., 2006. – Ч. 2. – С. 52–55; Можейко М. А. Книга как культурный символ Можейко М. А. // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры : зб. навук. арт. : у 2 ч. – Мн., 2006. – Ч. 2. – С. 49–52 – у адрознні ад тэарэтычных даследаванняў кніжнай культуры расійскімі вучонымі, якія звязаны, як адзначыла Т. Самайлюк (гл. п.18), з абмежаваным падыходам да вызначэння кніжнай культуры ў сістэме культуры, у мадэлі ўзаемасувязяў якой выдзяляецца толькі духоўная і матэрыяльная культура, што збядняе магчымасці вывучэння кніжнай культуры як цэласнай з’явы (гл.: Васильев, В. И. История книжной культуры: теоретико-методологические аспекты / В.И. Васильев. – М., 2004. – 107 с.).

21. Шомракова И.А. Всеобщая история книги / И.А. Шомракова, И.Е. Баренбаум ; СПбГУКИ. – СПб. : Профессия, 2005. – С. 6: «В современном понимании “история книги” определяется как наука, занимающаяся изучением становления и развития письменных форм произведений всех видов литературы, бытованием этих произведений в виде рукописной книги и печатных изданий. История книгикомплексная наука или комплекс наук, изучающих становление и развитие всех отраслей книжного дела, связанных с созданием и изготовлением книги, ее распространением и использованием».

22. Migoń K. Dawna książka jako pzedmiot badań // Polonistyka w przebudowie. Literaturoznawstwo – wiedza o języku – wiedza o kulturze – edukacja : zjazd Polonistów. Kraków, 22-25 września 2004 / zespół redakcyjny Małgorzata Czermińska (przew.) i in. – Kraków : Universitas, 2005. – T. 1. – S. 342–351.

23. Гл., напрыклад: Галенчанка Г. Праблемныя дакументы Скарыніяны ў кантэксце рэальнай крытыкі / Г. Галенчанка // 480 год беларускага кнігадрукавання : матэрыялы Трэціх Скарынаўскіх чытанняў / гал. рэд. А. Мальдзіс і інш. – Мн. : Беларуская навука, 1998. – С. 9–20.

24. У 1990-х гг. расійскімі вучонымі І. Я. Барэнбаўмам і І. А. Шамраковай былі зроблены спробы напісання падручніка па ўсеагульнай гісторыі кнігі (Ч. 1–4. СПб., 1996–2004). Напрыклад, у другой частцы выдання, якая прысвечана ХІХ ст., ёсць раздзелы па кніжнай справе народаў Расіі ў першай і другой палове ХІХ ст. Аднак дзейнасць кнігавыдавецтваў на тэрыторыі Беларусі наогул не закранаецца, хаця разглядаецца кніжная справа ў Украіне, Літве, Латвіі, Эстоніі і г.д. У наступным выданні шаноўных аўтараў І.А. Шамраковай і І.Я. Барэнбаўма “Всеобщая история книги”, які рэкамендуецца ў якасці вучэбнага дапаможніка, гісторыя кнігі Беларусі таксама адсутнічае (дарэчы, як і гісторыя кнігі Літвы ці Украіны). Звесткі пра беларускага першадрукара Ф. Скарыну, праўда, можна адшукаць у межах Польшчы (с.63), Чэхіі (с.64–65 – асноўная частка матэрыялу па гісторыі кнігавыдання XVI ст. у Чэхіі прысвечана Ф. Скарыне). Як адзначылі аўтары ў прадмове да свайго выдання, адбор краін быў “определен степенью изученности их книжного дела, значением для развития книги в мире и объемом издания” (с. 6). Тады чаму былі праігнараваны, да прыкладу, хаця б працы Л. Уладзімірава, Я. Неміроўскага? Такая тэндэнцыя характэрна і для іншых сучасных расійскіх выданняў. Так, у маскоўскім выдавецтве “Светотон” у 2001 г. выйшаў падручнік “История книги” (пад рэдакцыяй А.А. Говарава і Т.Г. Купрыянавай, які ахоплівае перыяд з стражытнейшых часоў да нашых дзён. Па версіі аўтараў, выкладзенай на с. 62 у главе сёмай “Книга в первые века книгопечатания (XV–XVI вв.)”, Францыск Скарына – вучоны-медык, выпускнік Кракаўскага універсітэта, у 1516 г. адкрыў у Празе славянскую друкарню дзе надрукаваў кнігі Бібліі, перакладзеныя ім на славянскую мову. Ніводнага слова аб паходжанні Ф. Скарыны, мове перакладу і яго місіі як усходнеславянскага першадрукара. А раздзел “Возникновение славянского книгопечатания в Литве, на Украине и в Белоруссии” поўносцю прысвечаны дзейнасці Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца. У выніку сучаснае пакаленне студэнтаў будзе лічыць, што менавіта Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец з’яўляюцца беларускімі першадрукарамі.

25. Напрыклад: Glosienė A. Lietuviškoji knyga : Istorijos metmenys / Audronė Glosienė [ir kt.]. – Vilnius : Vilspa, 1996; Нарбутас С. Латинская литература Великого княжества Литовского и актуальные проблемы исследования письменного наследия ВКЛ / С. Нарбутас // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры : зб. навук. арт. : у 2 ч. – Мн., 2006. – Ч. 2. – С. 7689. Хаця праца С. Нарбутаса і з’яўляецца сведчаннем змен у гуманітарнай прасторы сучаснай Літвы ў адносінах да кніжна-пісьмовай спадчыны (на змену літуанацэнтрычнай мадэлі прыйшла поліканфесійная, полінацыянальная і шматмоўная), аднак, як гісторыя ВКЛ, так і гісторыя яе кнігі і ў летувісаў, і ў беларусаў атрымліваюцца рознымі, у першую чаргу гэта тычыцца моўнай дамінанты, традыцый кніжнай культуры.

26. Навука і стратэгіі працы з мінулым // Палітычная сфера. – 2006. – № 6. – С. 44: Храналагічная арганізацыя мінулага прыводзіць да стварэння ідэнтычнасці з кароткай гісторыяй і вымяраецца не часам, а прасторай, таму мае пераважна тэрытарыяльны характар. Выкарыстанне храналогіі таксама дазваляе ў пэўнай ступені пазбягаць ідэнтыфікацыі з супольнасцю і яе часавым вымярэннем. Марфалогія – праца з мінулым, калі яно разбіваецца на розныя герметычныя перыяды, сувязь пераемнасці паміж якімі адсутнічае ці ігнаруецца як неістотная. Спрыяе стварэнню кароткай гістарычнай ідэнтычнасці (гісторыі культуры: Рэнесанс, Асветніцтва, Адраджэнне). Генеалогія – гісторыя – гэта перш за ўсё традыцыя і спадчына. “Калі мінулае арганізаванае ў выглядзе генеалогіі, мае месца адлюстраванне пераемнасці сучаснасці з мінулым і адпаведнасая форма неадчуджанае ідэнтычнасці, якая спалучаецца з адчуваннем блізкасці гісторыі, пераемнасці, роднасці, каштоўнасці яе артэфактаў як сваіх па паходжанні” (с. 45). “Калі мінулае арганізавана па прынцыпе тэлеалогіі, то маем сітуацыю не толькі генетычнае пераемнасці, але і руху гэтае пераемнасці ў кірунку да рэалізацыі пэўнае калектыўнае мэты... Тэлеалагічная арганізацыя мінулага, як і генеалагічная, скіравана на стварэнне доўгае ідэнтычнасці, калі гісторыя выступае як актуальная і аперацыяльная частка сучаснасці. Тэлеалогія імкнецца да нацыянальнай манаполіі” (с. 46).

27. Доўнар Л. Да пытання перыядызацыі гісторыі кнігі (на прыкладзе гісторыі кнігавыдання Мінска 1795–1917 гг.) / Л. Доўнар // Wspólnota pamięci. Studia z dziejów ziem wschodnich dawnej Rzeczypospolitej / red. J. Gwiździk, J. Malicki. – Katowice : Biblioteka Śląska 2006. – S. 97–109.

28. Сагановіч Г. У пошуках Сярэднявечча / Г. Сагановіч // Беларускі гістарычны агляд. – Мн., 1997. – Т. 4, сш. 1-2 (6–7). – С. 3.

29. Сагановіч Г. Тое самае, с. 17.

30. Напрыклад: Лойка А.А. Старабеларуская літаратура / А.А. Лойка. – Мн. : Вышэйшая школа, 2001. – 320 с.; Анталогія даўняй беларускай літаратуры: ХІ – першая палова XVIII стагоддзя / НАН Беларусі, Ін-т літ. Імя Я. Купалы ; падрыхт. А.І. Богдан і інш. ; навук. рэд. А.А. Чамярыцкі. – 2-е выд., выпр. – Мн. : Беларуская навука, 2005. – 1015 с.; Гісторыя беларускай літаратуры: ХІХ – пачатак ХХ ст. / пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. – 2-е выд., дапрац. – Мн. : Вышэйшая школа, 1998. – 560 с.

31. Лыч Л. Гiсторыя культуры Беларусi / Л. Лыч, У. Навiцкi. – Мн. : Экаперспектыва, 1996. – С. 10–12; Парашкоў С.А. Гісторыя культуры Беларусі / С.А. Парашкоў. – Магілёў : выд–ва МДУ, 2001. – 293 с.

32. Напрыклад: Харламов В. И. О некоторых дискуссионных вопросах историко-книжной науки. (Объект. Категории. Междисциплинарные связи. Периодизация. Методы) / В.И. Харламов // Книга. Исследования и материалы. – М. : Кн. палата, 1989. – Сб. 58. – С. 89103; Журавский А. 450 лет белорусского книгопечатания / А.И. Журавский, А.Н. Булыко // Книга. Исследования и материалы. – М., 1967. – Сб. 14. – С. 104–120; Нікалаеў М. Да пытання аб храналогіі кніжнай культуры Вялікага княства Літоўскага / Мікола Нікалаеў. – Kultura księżki ziem wschodniego I południowego pogranicz Polski (XVI–XX wiek) : Paralele I różnice / redakcja naukowa Jolanta Gwioździk I Edward Różycki. – Katowice : Wydawnictwo Uniwersytwtu Śląskiego, 2004. – С. 42.

33. Умецкая Е. С. Цензурно-правовое положение книги в Белоруссии (1801–1832 гг.) / Умецкая Е.С. // Вопросы библиотековедения и библиографоведения : сб. науч. тр. – Мн. : МГПИ, 1975. – С. 57.

34. Харламов В. И. Тое самае, с. 96.

35. Доўнар Л. Да пытання перыядызацыі гісторыі кнігі (на прыкладзе гісторыі кнігавыдання Мінска 1795–1917 гг.) / Л. Доўнар // Wspólnota pamięci. Studia z dziejów ziem wschodnich dawnej Rzeczypospolitej / red. J. Gwiździk, J. Malicki. – Katowice : Biblioteka Śląska 2006. – S. 97–109.

36. Цалкам жа ці ў прыватнасці пытанне перыядызацыі можа з’яўляцца прадметам абмеркавання; міждысцыплінарнай, а таксама кнігазнаўчай дыскусіі.

37. Мархель У. I. Крынiцы памяцi. Старонкi беларуска-польскага лiтаратурнага сумежжа / У.І. Мархель. – Мн. : Мастацкая лiтаратура, 1990. – С. 216–217.

38. Лабынцаў Ю. Пачатае Скарынам. Беларуская друкаваная літаратура эпохі Рэнесансу / Ю. Лабынцаў. – Мн. : Мастацкая літаратура, 1990. – С. 14.

39. Николаев Н. В. Книжная культура Великого Княжества Литовского : автореф. дис. ... д-ра филол. наук: (05.25.04) / Николаев Н.В.; С.-Петербургская гос. академия культуры. – СПб., 1997. – 40 с.; Нікалаеў М. В. Пачаткi кніжнай культуры Вялікага Княства Літоўскага / Мікола Нікалаеў // Спадчына. – Мн., 2002. – № 5/6 (150); Нікалаеў М. В. Гісторыя кніжнай культуры Беларусі: праблемы і перспектывы даследавання / М. В. Нікалаеў // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры : зб. навук. арт. : у 2 ч. / Беларус. дзярж. ун-т культуры і мастацтваў. – Мн., 2006. – Ч. 1. – С. 19–30.

40. Доўнар, Л. І. Развіццё кнігавыдавецкай дзейнасці ў Мінску (1795–1917): кнігазнаўчы аспект : аўтарэф. дыс. … канд. пед. навук : 05.25.03 / Доўнар Л. І. – Мн. : Беларус. дзярж. ун-т культуры і мастацтваў, 2005. – 21 с.

41. Вялікае княства Літоўскае : ВКЛ : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал. : Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. – Мн. : БелЭн, 2005–2006. – Т. 1. – 2005. – 688 с. : іл.; Т. 2. – 2006. – 792 с. : іл.

42. Напрыклад: Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае / Мікола Ермаловіч. – Мн. : Беллітфонд, 2003. – 435, [8] с. : іл; Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя / Генадзь Сагановіч. – Мн. : Энцыклапедыкс, 2001. – 412 с.; Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі, 1795–2002 / Захар Шыбека. – Мн. : Энцыклапедыкс, 2003. – 489 с. : іл.

43. Герасімаў В.М. Да праблемы гістарыяграфіі кнігазнаўства беларускага замежжа / Герасімаў В.М. / Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры : зб. навук. арт. : у 2 ч. – Мн., 2006. – Ч. 2. – С. 108–114; Кіпель З. Беларускі друк на Захадзе / З. Кіпель // Культура беларускага замежжа. – Мн., 1995. – Вып. 5. – С.47; Кіпль В. Беларускі друк на Захадзе : бібліяграфія / Вітаўт Кіпель, Зора Кіпель ; пад рэд. Юрася Гарбінскага й Лявона Юрэвіча = Kipel V. Belarusian Publishing in the West : a bibliography / Vitaut Kipel, Zora Kipel ; edited by Jerzy Garbinski & Liavon Yrevich. – Нью Ёрк ; Варшава, 2006. – 714 с.; Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі. Да гісторыі дыяспары / Н. Гардзіенка. – Мн. : Беларускі кнігазбор, 2004. – 468 с., [4] арк. – (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн. 3).

44. Лявончыкаў В.Е. Тое самае, с. 16–17.

45. Доўнар Л.І. Праблемнае поле беларускай кнігазнаўчай навукі і адукацыі / Л.І. Доўнар // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры : зб. навук. арт. : у 2 ч. – Мн., 2006. – Ч. 2. – С. 209.

 

 

 

© Довнар Л.И., 2007


Наверх

Назад

На главную

Hosted by uCoz